Менск імкнецца захаваць Маскву і атрымаць НАТА
Беларусь і Расея, нягледзячы на крызіс палітычных адносін, працягваюць актыўнае ўзаемадзеянне ў галіне абароны. Афіцыйны Менск пакуль не рызыкуе выкарыстоўваць пытанні ваеннага супрацоўніцтва як элемент ціску на Крэмль. Але пры гэтым імкнецца нарошчваць дыялог у галіне ваеннай палітыкі і з краінамі НАТА.
01.12.2017 было апублікавана Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расеі аб сумесным тэхнічным забеспячэнні рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) дзвюх краін (РГВ), падпісанае яшчэ ў лістападзе 2016 года. Прадметам пагаднення з’яўляецца: забеспячэнне РГВ узбраеннем і ваеннай тэхнікай, ракетамі і боепрыпасамі, ваенна-тэхнічнай маёмасцю; арганізацыя эксплуатацыі і аднаўлення ўзбраення і ваеннай тэхнікі, ракет і боепрыпасаў, а таксама ваенна-тэхнічнай маёмасці; правядзенне тэхнічнай і спецыяльнай падрыхтоўкі асабовага складу. Цікава адзначыць, што згодна з п.4 дакумента прадастаўленне адным саюзным бокам матэрыяльных сродкаў і паслуг іншай саюзнай дзяржаве ажыццяўляецца на аплатных умовах.
Раней, 4-6 снежня з афіцыйным візітам у Беларусі знаходзіўся Міністр абароны Латвіі Раймандс Бергманіс. Адбыліся двухбаковыя перамовы ў Мінабароны, МЗС і Міністэрствам адукацыі Беларусі.
08.12.2017 Савет міністраў Беларусі ўхваліў праект праграмы т.зв. «Саюзнай дзяржавы» аб удасканаленні аб’ектаў ваеннай інфраструктуры, якія плануецца выкарыстоўваць сумесна з Расеяй ў ваенны час. Адпаведнае рашэнне зацверджана пастановай Урада. Плануецца, што за бліжэйшыя чатыры гады на рамонт аб’ектаў інфраструктуры ВПС і СПА, баз / сховішчаў ўзбраення, аб’ектаў тылавой інфраструктуры (усяго 90 аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі і Расеі) будзе накіравана каля USD 20 млн. То бок ў сярэднім USD 222 тыс. на аб’ект. Зразумела, што за такія грошы нічога значнага не пабудуеш. Хутчэй гаворка ідзе пра бягучы рамонт і нейкае абмежаванае ўдасканаленне.
У той жа дзень начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёр Алег Воінаў прыняў удзел у пасяджэнні Камітэта НАТА па партнёрстве і сумеснай бяспекі ў фармаце «Беларусь + НАТА», якое прайшло ў штаб-кватэры Альянсу ў Бруселі. Бакі абмеркавалі пытанні рэгіянальнай бяспекі і перспектывы развіцця супрацоўніцтва з НАТА.
Захаванне цесных сувязяў у галіне абароны ўпершыню пасля 1991 году ніяк не спрыяе паляпшэнню палітычных адносін паміж Менскам і Масквой. Аднак, сфера бяспекі пакуль яшчэ застаецца адным з асноўных казыроў афіцыйнага Менска ў гандлі з Крамлём. І беларускае кіраўніцтва будзе імкнуцца захаваць гэты козыр у руках. Пры гэтым афіцыйны Менск зацікаўлены пашырыць поле для камунікацыі і супрацоўніцтва з Захадам за кошт развіцця ваенна-палітычных адносін як з НАТА ў цэлым, так і з асобнымі краінамі Альянсу. А таму актыўнасць беларускай «ваеннай дыпламатыі» на заходнім напрамку будзе адносна высокай. Праўда, не абавязкова выніковай.