Еўрапейскі інвестыцыйны банк ухваліў свой першы праект у Беларусі



Савет Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) ухваліў свой першы праект у Беларусі па рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М7/Е28 і аўтадарожнага пункта пропуску цераз мяжу „Каменны Лог”. Пра гэта было паведамлена на сустрэчы пасла Беларусі ў Бельгіі і Люксембургу Аляксандра Міхневіча з кіраўніцтвам ЕІБ 13 снежня ў Люксембургу.

„Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банка Аляксандр Стуб інфармаваў беларускі бок, што 11 снежня саветам ЕІБ быў ухвалены першы праект у Беларусі па рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М7/Е28 і аўтадарожнага пункта пропуску цераз мяжу „Каменны Лог”. На працягу снежня гэтага года — студзеня 2018-га плануецца ўзгадніць тэкст крэдытнага пагаднення для яго падпісання бакамі”, — перадае беларускае пасольства ў Бельгіі.

На сустрэчы з дырэктарам дэпартамента банка Флавія Паланзам і кіраўнікамі структурных падраздзяленняў дэпартамента, якія адказваюць за супрацоўніцтва з Беларуссю па розных напрамках, быў падрабязна абмеркаваны стан спраў, перспектывы і праблемныя пытанні па кожным з праектаў ЕІБ ў Беларусі.

„Кіраўніцтва ЕІБ высока ацаніла якасць узаемадзеяння з нашай краінай, якое наладжваецца, узровень працы беларускіх спецыялістаў Міністэрства эканомікі, іншых органаў дзяржаўнага кіравання, банкаў і іншых арганізацый, зацікаўленых у рэалізацыі сумесных праектаў з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам”, — гаворыцца ў паведамленні беларускай дыпмісіі.

Беларусь атрымала доступ да працы з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам пасля адмены санкцый Еўразвязу. Па сутнасці, гэта апошні ключавы фінансавы інстытут, які не быў прадстаўлены ў Беларусі.

У чэрвені 2017 года было ратыфікаванае рамачнае пагадненне паміж Беларуссю і ЕІБ. Яно прадугледжвае, што банк можа даваць фінансаванне ў выглядзе крэдытаў, гарантый або іншых фінансавых інструментаў, а таксама тэхнічную дапамогу пад інвестыцыйныя праекты, якія ўяўляюць цікавасць для Беларусі.

У чэрвені ж першы намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой паведаміў журналістам, што ЕІБ прапануе „камфортныя ўмовы фінансавання”. Так, крэдыты даюцца на тэрмін да 25 гадоў з мараторыем на выплаты па асноўным доўгу да пяці гадоў і стаўкай ад 1 да 3% гадавых. „З улікам доларавай інфляцыі гэта не зусім бясплатныя грошы, але вельмі камфортныя па выплатах”, — падкрэсліў Крутой.

Траса М7 злучае Менск і мяжу з Літвой, далей працягваецца па літоўскай шашы А3 да Вільні. Уваходзіць у склад еўромаршруту Е28 і пан’еўрапейскага калідора. Агульная працягласць складае 139 км. Раней паведамлялася, што на праект рэканструкцыі аўтамагістралі і пункта пропуску ЕІБ можа вылучыць 110 млн еўра.

Еўрапейскі інвестыцыйны банк быў заснаваны ў 1958 годзе як банк Еўразвязу. Ён знаходзіцца ва ўласнасці 28 дзяржаў — членаў ЕЗ. Банк выдзяляе фінансавыя сродкі, тэхнічныя веды і вопыт для рэалізацыі абгрунтаваных і жыццяздольных праектаў у Еўропе і за яе межамі.

БелаПАН