Музей КДБ



2017 год – год юбілейны. Што святкаваць (або не святкаваць) – кожны па сабе выбірае. Ці то гадавіну лютаўскай рэвалюцыі, ці то гадавіну кастрычніцкага перавароту.

Хтосьці адзначае 100 год КДБ… І хай сабе прафесійнае свята таварышы-чэкісты маюць толькі 20 снежня, але ўжо сёння можна паразважаць пра юбілейны прафесійны багаж.

Важны момант – захаванне назвы. Беларускія чэкісты традыцыі паважаюць і ў свой час вырашылі “пушку на качарэжку” не змяняць: так, былі ў іх бланкі з пагоняй, але назва засталася той самай, савецкай. Маўляў, словы са справамі ў нас не разыходзяцца, з песні слова не выкінеш. У адрозненне ад усходніх таварышаў з іх навамодным ФСБ.

Разам з традыцыямі таварышы-чэкісты не забываюцца і пра сучасныя тэхналогіі. На сайце Камітэта дзяржаўнай бяспекі з’явілася электронная версія экспазіцыі Гісторыка-дэманстрацыйнага цэнтра КДБ.  Заходзім на афіцыйны сайт, шчоўкаем мышкай і бачым… Цёмныя калідоры, чырвоныя палавікі на падлозе, партрэты і мундыры на сценах. Дакументы і згадкі пра розныя вайсковыя аперацыі, пачынаючы ад XI стагоддзя (на хвіліначку, гутарка ідзе пра разборкі Полацкага і Кіеўскага княстваў).

Маем тамсама партрэты Льва Сапегі, Аляксандра Бенкендорфа, Эміліі Плятэр… Віртуальная экскурсія – чаму б і не? І ўсё ж чагосьці не хапае для поўнага ўяўлення пра гісторыю айчынных спецслужбаў – гісторыі рэпрэсій, як мінімум. Было б праўдзіва і самакрытычна! Не толькі пра бедных замучаных паэтаў слоўца, але і пра чэкістаў, якіх расстралялі пасля таго, як яны расстралялі паэтаў… І зноўку – новых – па коле.

Рэвалюцыя – такая сабе скрыначка Пандоры… Небяспечная. Вельмі важна ў жаданні змен своечасова спыніцца і зразумець, што змены варта пачынаць не з іншых – з сябе… А то закансервуешся і трапіш у музей.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ