У Гародні адкрыўся калядны кірмаш „Мяцеліца”



У Гародні, ў фае Лядовага палаца, адкрыўся калядны кірмаш „Мяцеліца”. Пакупнікам прапануюцца вырабы майстроў з усёй Беларусі. Хаця для гарадзенцаў няма маразоў і снегу – у горадзе плюсавая тэмпература, але святочны настрой Зімы ствараюць цёплыя рэчы, цацкі, керамічныя падсвечнікі, вале ныя ліхтарыкі і шмат чаго іншага. Кажа адзін з удзельнікаў кірмашу, які прыехаў з Бешанковічаў, Уладзімер Рамановіч:

Мы вельмі рады прадставіць рэчы з такой беларускай накіраванасцю на гэтым калядным кірмашы. Мы паглядзелі, што тут ёсць перадкалядная атмасфера: ялінкі, нейкія забавы, для дзетак цікавая атмасфера. Не толькі мы: ёсць яшчэ іншыя рамеснікі і гандляры, якія прывезлі рэчы з беларускімі арнаментамі.

Беларускую тэматыку, традыцыйныя вырабы прапануюць ня толькі госці кірмашу, але й гарадзенцы. Сярод іх гаспадар этнакрамы „Цудоўня” Андрэй Несцяровіч:

Добры знак, што у нас пачынаюць адбывацца падобныя рэчы. Людзі звыклі да таго, што самыя буйныя, самыя класныя кірмашы адбываюцца ў сталіцы. А сёлета ў Гародні, у цэнтры горада, у лядовым палацы адбываецца нават не проста выстава-кірмаш, адбываецца свята. Мы стараліся зрабіць гэта святам. Арганізатар цалкам падтрымлівае і развівае гэтую ідэю, і мы яму, чым можам, дапамагаем. Большасць людзей, якіх вы тут сустрэнеце, гэта не гандляры, а тыя, хто можа дапамагчы вам зрабіць свята сабе. І мы, вядома, не ў баку, бо гэта асноўнае, чым мы займаемся.

Калядны кірмаш „Мяцеліца” будзе працаваць тры дні. Да 17 -га снежня. Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя.

Беларускае Радыё Рацыя