Рамонт Чырвонага касцёла ў цэнтры Менска зойме некалькі гадоў
Рамонт касцёла Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) на плошчы Незалежнасці ў Менску, які пачаўся ў кастрычніку, зойме некалькі гадоў, паведаміў 15 снежня на перадкаляднай прэс-канферэнцыі ў Менску мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
„Гэты рамонт вельмі патрэбны і выкліканы часам, бо будынак знасіўся, — адзначыў каталіцкі іерарх. — Будынку ўжо больш за 100 гадоў, ён фактычна не рамантаваўся. У савецкія часы яго перабудавалі пад Дом кіно, там было некалькі паверхаў. Потым вернікі, як маглі, зрабілі рамонт. Але пасля гэтага рамонту ўжо прайшло 25 гадоў — цэлае пакаленне вырасла”.
„Рамонт зойме некалькі гадоў, але рамантаваць трэба, нельга было пакідаць будынак у тым стане, у якім ён знаходзіўся. Там жа і ў склеп вада працякала, была вялікая небяспека падмывання падмурка. Тым больш побач метро, ёсць вібрацыя”, — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе менавіта пра рамонт, а не пра рэканструкцыю. Гэта значыць, што неарыгінальная прыбудова, збудаваная ў савецкія часы, застанецца. Не знікнуць таксама падвальныя памяшканні, якія з’явіліся ў касцёле ўжо ў найноўшы перыяд гісторыі Беларусі. „Яны нам патрэбныя, бо да нас прыходзіць на катэхізацыю прыкладна 400 дзяцей. Дзе іх яшчэ вучыць? Ніякага іншага будынка няма”, — растлумачыў святар.
„Рамонт вядзе „Мінская спадчына”. Нельга сказаць, што яны робяць усё, што ім хочацца, мы з імі ў пастаянным кантакце. Часам спрачаемся, мы шмат разоў выказвалі сваю думку. Гэта царкоўны будынак, яго трэба захаваць, ён не павінен ператварыцца ў клуб”, — падкрэсліў каталіцкі іерарх.
belapan.by