Суд спыніў справу супраць журналіста Канстанціна Жукоўскага
Суд Добрушскага раёна 15 снежня разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні да гомельскага журналіста-фрылансера Канстанціна Жукоўскага. Яго абвінавачвалі па арт. 22.9 КаАП у незаконным вырабе прадукцыі СМІ праз супрацу з польскім тэлеканалам „Белсат”.
Як паведаміў БелаПАН Жукоўскі, суддзя Яўген Мартынаў вырашыў спыніць адміністрацыйную справу з-за адсутнасці складу правапарушэння. Паводле слоў журналіста, на судзе выступаў сведкам прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Ілля Крук. Ён заявіў, што правапарушэнне было выяўлена шляхам маніторынгу інтэрнэту. „На маё пытанне, на якой падставе ён маніторыць інтэрнэт, міліцыянер адказаў, што па ўласнай ініцыятыве”, — адзначыў фрылансер.
У адміністрацыйнай справе былі дакументы, што Жукоўскі, як і яшчэ пяць жыхароў Гомеля, у тым ліку Андрэй Толчын, Марыя Булавінская і Ларыса Шчыракова, не з’яўляюцца журналістамі „Белсата”, акрэдытаванымі пры МЗС. „Калі мы не з’яўляемся журналістамі „Белсата”, то што нам тады ставяць у віну?” — сказаў Жукоўскі. Ён не адмаўляе, што здымаў у Добрушы відэа пра тое, як мясцовыя жыхары замест зарплаты атрымліваюць талоны на прадукты, але не адказвае за ўвесь інтэрнэт і СМІ, якія могуць выкарыстоўваць гэта відэа.
„Слаба мне верыцца, што суддзя нешта сам вырашае. Можа, такое рашэнне звязана з тым, што рыхтуюцца магчымыя змены ў закон аб СМІ. А можа, гэта чарговая паказуха для Захаду, што ў нас ідзе лібералізацыя, а потым увогуле забароняць фрылансам займацца. А можа, суддзі ўсё надакучыла ці ён збіраецца звальняцца”, — выказаў меркаванне Жукоўскі.
У лістападзе суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Бакуноў адмяніў пастанову суддзі Жлобінскага раёна Валянціны Сапоновой аб накладанні на журналіста штрафу за „незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ”. Адміністрацыйная справа была накіраваная на новы разгляд у той жа суд іншаму суддзі.
11 верасня раённы суд у Жлобіне абвінаваціў фрылансераў Жукоўскага і Толчына ў „незаконным апытанні” жыхароў вёскі Пірэвічы і пакараў штрафам.
У гэтым годзе суды штрафавалі гомельскага фрылансера за супрацу без акрэдытацыі з польскім спадарожнікавым тэлеканалам „Белсат” 12 разоў. Агульная сума штрафаў наблізілася да 9 тысяч рублёў.