Японія з 1 студзеня спрашчае візавыя патрабаванні для грамадзян Беларусі



Японія з 1 студзеня 2018 года спрашчае візавыя патрабаванні для грамадзян Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Японіі ў Беларусі.

„Пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь інфармуе, што з нагоды 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Японіяй і Рэспублікай Беларусь былі прыняты меры па спрашчэнні візавых патрабаванняў для грамадзян Беларусі (для ўладальнікаў звычайных пашпартоў). Змяненні ўступаюць у сілу 1 студзеня 2018 года”, – праінфармавалі ў пасольстве.

Пашырана кола заяўнікаў, якія маюць права на атрыманне шматразовых віз (знаходжанне не больш за 90 дзён), якія плануюць наведаць Японію з дзелавымі мэтамі або з’яўляюцца дзеячамі інтэлектуальнай працы і культуры.

Для заяўнікаў, якія самастойна аплачваюць паездку, скасоўваюцца гарантыйныя дакументы, што раней былі неабходныя для атрымання кароткатэрміновай візы.

У дыппрадстаўніцтве адзначылі, што гэтыя меры павінны паслужыць умацаванню двухбаковых адносін, у тым ліку актывізацыі асабістых кантактаў. Прадугледжваецца, што з уступленнем у сілу вышэйпералічаных змяненняў палепшацца ўмовы для бізнесменаў і турыстаў, а таксама павялічыцца колькасць грамадзян, якія паўторна наведваюць Японію. Як вынік, чакаецца актывізацыя кантактаў паміж грамадзянамі Японіі і Беларусі.

belta.by