„Лакшэры Мотарс плюс” мае песімістычны і аптымістычны прагноз



Дылерскі цэнтр „Лакшэры Мотарс плюс” разлічвае прадаць у 2018 годзе да 1.250 аўтамабіляў Geely беларускай зборкі. Пра гэта заявіў 15 снежня на прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю дылерскага цэнтра аўтамабіляў Geely кампаніі „Лакшэры Мотарс плюс” у Менску па вуліцы Арлоўскай, 88, дырэктар цэнтра Павел Садоўнікаў.

„Мы маем песімістычны і аптымістычны прагноз па продажу на 2018 год. Песімістычны прадугледжвае, што нам удасца рэалізаваць каля 400 аўтамабіляў, аптымістычны прагноз на 2018 год — 1.250 аўтамабіляў”, — сказаў Садоўнікаў.

„Завод „Белджы” гатовы нам такі аб’ём паставіць, таму далей усё будзе залежаць ад попыту і пакупніцкай здольнасці, але я ўжо ўпэўнены, што попыт будзе”, — дапоўніў дырэктар дылерскага цэнтра.

Паводле яго слоў, на этапе старту продажу асноўную цікавасць да куплі сабраных у Беларусі Geely пакуль праяўляюць юрыдычныя асобы. „Мы мяркуем, што першым часам 90% продажу прыйдзецца на юрыдычных асоб. У наступным годзе, калі запрацуюць праграмы крэдытавання, разлічваем на суадносіны 60 на 40%, або 75 на 25% у частцы падзелу продажу паміж юрасобамі і фізічнымі асобамі”, — адзначыў Садоўнікаў.

Паводле яго слоў, асаблівыя ўмовы для пакупнікоў у выглядзе спецыяльных праграм крэдытавання на куплю сабраных у Беларусі аўтамабіляў пакуль невядомыя, іх распрацоўка знаходзіцца на завяршальнай стадыі. „Можна меркаваць, што для фізічных асоб гэта будуць, хутчэй за ўсё, добрыя банкаўскія ўмовы, а для юрыдычных асоб — лізінгавыя праграмы”, — дадаў дырэктар дылерскага цэнтра аўтамабіляў Geely.

Новы дылерскі цэнтр выкананы ў адпаведнасці з крытэрыямі якасці і карпаратыўнымі стандартамі Geely. Плошча аўтацэнтра складае 1.200 кв. м, з іх 600 кв. м займае шоу-рум. Прадугледжана адмысловая зона выдачы новых аўтамабіляў з камфортнай зонай чакання. На тэрыторыі аўтасалона размешчаны аддзелы страхавання і крэдытавання, прыёмкі аўтамабіляў на сэрвіснае абслугоўванне.

„Мы ўпэўненыя ў якасці аўтамабіляў Geely і лічым запуск новага завода „Белджы”, а таксама адкрыццё нашага дылерскага цэнтра велізарнай падзеяй і важным этапам у аўтамабільным жыцці Беларусі”, — падкрэсліў дырэктар ТАА „Лакшэры Мотарс плюс”.

Беларуска-кітайскае СЗАТ „Белджы”, якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, створана ў 2011 годзе. Акцыянерамі „Белджы” з’яўляюцца ААТ „БелАЗ” (52,49%), Zhejang Jirun Automobile Co. Ltd. (33,35%), СЗАТ „Саюзаўтатэхналогіі” (6,47%), CITIC International Investment Limited (4,96%), ААТ „БАТЭ” (2,7%).

У 2015 годзе паміж Барысавам і Жодзінам пачалося будаўніцтва новай пляцоўкі па выпуску аўтамабіляў. 17 лістапада 2017 года з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця пад Барысавам новага завода „Белджы” і запуску серыйнай вытворчасці.

belapan.by