Шатляндыя і яе знакамітыя прадстаўнікі



Пасля 310 гадоў з моманту падпісання парламентамі Англіі і Шатляндыі “Акта аб вуніі”, паказчыкі апошніх рэферэндумаў (аб Незалежнасці і знаходжанні ў ЕЗ) Шатляндыі паказваюць значныя настроі ў грамадстве для мірнага разводу з Вялікабрытаніяй. Вялікабрытанія больш цывілізавана падышла да рэферэндуму шатляндцаў, чым Іспанія і шатляндцы пакуль засталіся у агульным Каралеўстве. Шатляндцы ў сваю чаргу падтрымалі каталонцаў, калі шматлікія палітыкі Еўропы гэтага не зрабілі, устрымаліся, ці зрабілі наадварот, баючыся прэцэдэнту ў сваёй краіне. Перш чым расказаць пра тое, што зрабіла ўжо кіраўніцтва Шатляндыі для таго, каб вярнуць забытую мову, што карыснае для Беларусі ў шатляндскім Законе аб мове і пра іншыя параўнанні, найперш пра карані і знакамітых шатляндцаў.

У Шатляндыі пакуль дамінуючая мова – ангельская, гэльская мова выкарыстоўваецца менш, чым беларуская ў Беларусі, але кіраўніцтва Шатляндыі разам з народам вырашыла адрадзіць гэльскую мову, нягледзячы на сусветную папулярнасць ангельскай. Для большай самаідэнтыфікацыі ў будучай незалежнай Шатляндыі яна павінна быць больш папулярнай.

Герб Шатляндыі

Шатляндыя – адна з чатырох краін Злучанага Каралеўства. Назва паходзіць ад лацінскай назвы гэльскіх плямён шкотаў, пачаткова ўжывалася да Ірляндыі. У мінулым Шатляндыя – гэта незалежнае каралеўства. Яна мела ўласнага караля да 1603 года. Пасля смерці Елізаветы І, шатляндскі кароль Джэймс VI стаў таксама і ангельскім каралём Джэймсам І і кіраваў абедзвюма краінамі. Сталіца – Эдынбург, дзе ёсць неверагодная колькасць будынкаў-помнікаў. Першыя людзі ў Шатляндыі з’явіліся прыблізна 8 тысяч гадоў таму.

У 843 годзе Кенет Макальпін стаў каралём каралеўства шкотаў і піктаў, якое пашырылася да межаў сучаснай Шатляндыі. Пасля ўварвання нарманаў (1066 год) у Англію і іншых падзей Шатляндыя падзялілася на дзве культурныя зоны: дольную і горную. Першыя карысталіся англа-шатляндскай, другія шатляндскай гэльскай, у апошніх сфармавалася і кланавая сістэма, якая таксама стала важнай нацыянальнай адметнасцю. Яна і сёння вызначае адрозненні паводле адзення. Апранаць кілты і пледы колеру і ўзору іншага клана нельга, за гэтым назірае ў Шатляндыі галоўны герольд-захавальнік гербаў і старшынства кланаў.

Нацыянальныя касцюмы

У 1707 годзе шатляндскі і ангельскі парламенты прынялі “Акт аб вуніі” і было створана каралеўства Вялікабрытанія, якое стала буйнейшай сусветнай імперыяй. Незалежнасць краіны была страчана. Беларусь таксама за шмат стагоддзяў “убачыла” мінусы розных вуній (саюзаў). Галоўны – дамінаванне іншай мовы і культуры, “перацяканне” народа ў іншую дамінуючую культуру, страта ўласнай самаідэнтыфікацыі і асіміляцыя.

Зараз Шатляндыя намагаецца разам з будучай Незалежнасцю ўсё сваё вярнуць мірным шляхам, пакрокава, разам з большай эканамічнай самастойнасцю.

Шатляндцы добра вядомы па усім свеце найперш з-за свайго знакамітага напою-віскі (скотча), мужчынскага адзення – кілта, Лахнэскага возера і іншых адметнасцяў і цікавінак. Першы ўспамін пра няўлоўнага монстра на возеры Лах-Нэс адносіцца ажно да 565 года нашай эры.

Знакамітая Нэсі ў сама глыбокім возеры Шатляндыі

Па некаторых звестках слова “віскі” паходзіць ад гэльскага слова “вада”, а напой быццам вынайшлі кітайцы і з Ірляндыі віскі трапіў у Шатляндыю. Таксама і кілт прыйшоў з Ірляндыі.

Сусветнае слова “пінкертоны” пайшло ад шатляндца Алана Пінкертона, заснавальніка дэтэктыўнага агенцтва у ЗША, у 2019 годзе споўніцца 200 гадоў з дня народзінаў. Яго агенцтва стала мадэллю ФБР, працуе і сёння, забяспечвае бяспеку Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету па футболе, “Формулы-1”, знакамітых цырымоній “Оскар” і “Грэмі”, агенты структуры, заснаванай Аланам Пінкертонам, шукаюць злачынцаў і тэрарыстаў па усім свеце.

Шатляндскі 93-ы полк сазерлендскіх горцаў ўвайшоў ў ангельскую і сусветную гісторыю ў час абароны пры Балаклаве (Крым) у бітве з рускімі казакамі 13 (25) кастрычніка 1854 года. Шатляндскіх горцаў з-за шырыні фронту змушаны былі паставіць не у чатыры шэрагі, а ў два. Яны мужна абараняліся, а іх чырвоны строй у два шэрагі назвалі тонкай чырвонай лініяй. Шмат шатляндскіх горцаў за мужнасць і адвагу у баях былі потым ўзнагароджаны крыжам каралевы Вікторыі.

Шатляндскі горац 93-га палка “Вялікі Сэм”

Тонкая чырвоная лінія стала мастацкім вобразам ангельскай культуры. Пазней былі напісаны карціны, створаны фільмы, а знакамітыя рок-гурты спявалі песні. Вобраз тонкай чырвонай лініі ўвайшоў у іншыя мастацкія жанры.

„Вялікі Сэм” (у правым куце) на мастацкім творы

Хоць Балаклаўкая бітва ў Крыме саюзных сіл (Вялікабрытаніі, Францыі і Турцыі) супраць Расеі не стала вырашальнай па ўзяцці Севастопаля, але эпізод бойкі тонкай чырвонай лініі стаў сімвалам патрыятызму і абароны з апошніх сілаў. Пазней саюзнікі ўзялі паўднёвы Севастопаль. Бітва пры Балаклаве ўвекапомнена на карціне Роберта Гібба і знаходзіцца ў шатляндскім вайсковым музеі ў Эдзінбургскім замку. Другое палатно вісіць у актавай залі Вышэйшай школы ў Глазга, дзе вучыўся будучы камандзір абароны Балаклавы генерал-маёр сэр Кэмпбэл.

Будучы фельдмаршал Сэр Колін Кэмпбэл

Па некаторых звестках (легендзе) ад крымскага горада Балаклавы (сёння частка Севастопаля) быццам бы пайшла і назва вязанай шапачкі, якую змушана прыдумалі каралеўскія войскі ў вельмі халодную зіму 1854-1855 гг., якую  сталі насіць па ўсім свеце ад ІРА, ЭТА, Маркеса і да сучасных баявікоў, спецслужбаў і амапаўцаў, бо абараняе ад холаду і апазнавання. Японскія ніндзя балаклавай карысталіся і раней. На Захадзе такой формы шапачка таксама мае іншыя назвы.

Дзякуючы шатляндцу Ўотсану-Уоту (вынаходнік радару і ініцыятар сеткі РЛС) немцы пацярпелі першую паразу ў ІІ Сусветнай вайне пасля перамогі Вялікабрытаніі ў авіяцыйнай бітве з немцамі з 10 ліпеня па 30 кастрычніка 1940 года.

З Шатляндыі паходзяць сусветнавядомыя мысляры, вучоныя: Адам Сміт, Джэймс Уат, Дэвід Юм, Джон Сцюарт Міль.

Шатляндзец Джон Логі Бэрд распрацаваў у 1925 годзе тэлевізійную сістэму, а вынаходнікам тэлефона і заснавальнікам сурдапедагогікі быў Аляксандр Бэл, у дзень смерці якога 4.08.1922 годзе ў ЗША і Канадзе былі адключаны 13 мільёнаў тэлефонных апаратаў – так Паўночная Амерыка аддала даніну павагі вучонаму шатляндскага паходжання.

Сёння антыбіётыкі шырокавядомы ўсяму чалавецтву, а вынаходнікам лізацыму і першага пеніцыліну быў Нобелеўскі лаўрэат шатляндзец Аляксандр Флемінг.

Нобелеўскі лаўрэат, вынаходнік лізацыму і пеніцыліну Аляксандр Флемінг

У беларусаў і шатляндцаў акрамя дуды (валынкі) і агульнае стаўленне да дзядоўніку (чартапалоху) як да расліны, што адганяе нячысцікаў, толькі гэта да ўсяго паўафіцыйны сімвал Шатляндыі.

Паўафіцыйны сімвал Шатландыі ёсць і адным з сама вядомых кельцкіх абярэгаў

Згодна розным легендам, дзякуючы гэтай расліне захопнікі (Вікінгі) выдалі сябе. Чартапалох – эмблема рыцараў існуючага ордэна Чартапалоха, які мае дэвіз ”Ніхто не кране мяне беспакарана”. У сярэднявеччы выпускаліся манеты з выявай гэтай па-свойму прыгожай і калючай расліны, якая нагадвае ганаровы і непераможны характар шатляндцаў. Афіцыйным жа сімвалам Шатляндыі ёсць адзінарог. У Шатляндыі 13% насельніцтва маюць руды колер валасоў, самы вялікі адсотак насельніцтва ў свеце. Першы афіцыйны Міжнародны футбольны матч адбыўся таксама ў Шатляндыі ў 1876 годзе ў Шатляндскім крыкетным клубе паміж Шатляндыяй і Англіяй.

Далі шатляндцы і некалькі чэмпіёнаў свету па снукеры. Сярод іх Стывен Хендры (рэкардсмен планеты – ажно 7 чэмпіёнскіх тытулаў!),  Джон Хігінс (4 тытулы), Грэм Дот. Варта прыгадаць тут і тэнісіста Эндзі Марэя, адзінага ў гісторыі двухразовага алімпійскага чэмпіёна ў адзіночным разрадзе.

Сяміразовы чэмпіён свету па снукеры Стывен Хендры

Ганарацца шатляндцы і сваёй літаратурай, дзе пакінулі адметны след яе вялікія класікі, добра вядомыя беларусам са школы як пісьменнікі Вялікабрытаніі: Роберт Бёрнс (паэт нарадзіўся 25 студзеня, гэты дзень – нацыянальнае свята Шатляндыі), Вальтэр Скот, Роберт Луіс Стывенсан, Артур Конан Дойл, Джэймс Хог. Праз аналізы ДНК шатляндцы хочуць даказаць, што продкі і паэта Юрыя Лермантава былі родам з Шатляндыі. Амаль усіх знакамітых шатляндскіх аўтараў беларусы маюць і ў перакладзе на родную мову. Але, канешне, не ўсе творы.

Роберт Бёрнс

Легендарны аўстралійскі гурт АC/DС заснавалі знакамітыя нараджэнцы Шатляндыі –  браты Янгі. Ангус, Джордж, Аляксандр і Малькольм Янгі ў розны час былі прадзюсарамі, стваралі лепшыя музычныя кампазіцыі разам з аўтарам песень Бонам Скотам, адышоўшым ў лепшы свет яшчэ ў 1980 годзе.

Легендарны АC/DС

22 кастрычніка 2017 года стала вядома, што памёр і Джордж Янг. Малькольм Янг быў хворы на дземенцію і менш як праз месяц пасля свайго брата Джорджа таксама памёр. Таму апошнім з жывых легендаў АC/DС братоў Янгаў застаўся сола-гітарыст Ангус.

Непараўнальны Ангус Янг

Маладзейшым варта паглядзець на юцюбе што можна тварыць і як цалкам выкладацца ад ігры на гітары перад 100 тысячамі ўдзячных слухачоў і гледачоў, нават без алкаголю. Гэта не 15 тысяч чалавек на “Мінск-арэне”, якую цалкам запаўняюць толькі адзінкі з музыкантаў былога СССР.

Знакаміты актор і кумір жанчын Сэр Томас Шон Конэры таксама ніколі не хаваў свае шатляндскае паходжанне.

Шон Конэры ў кілце

Ведамых у свеце шатляндцаў і іх славутасцяў куды больш, у гэтым матэрыяле мы прыгадалі толькі найбольш гучныя з іх.

Алесь Крой, Гародня, для Беларускага Радыё Рацыя