Ці прызнаюць аўтараў “Рэгнума” палітвязнямі?
“Правы чалавека маюць універсальны прынцып”, – кажа кіраўнік праваабарончай установы “Нью Платформ Інавэйшн” Андрэй Бандарэнка.
18 снежня ў Менскім гарадскім судзе пачаўся працэс па справе аўтараў прарасейскага інтэрнэт-рэсурсу Regnum, якіх вінавацяць у распальванні міжнацыянальнай варожасці.
Прваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч напярэдадні суду не выключаў, што па выніках працэсу аўтараў Regnum давядзецца прызнаць палітвязнямі.
Андрэй Бандарэнка: Калі не будзе даказана, што ў тэкстах абвінавачаных прысутнічалі заклікі да распальвання міжнацыянальнай варожасці, то крымінальны пераслед атрымае палітычную афарбоўку, паколькі ён грунтуецца на парушэнні свабоды слова. Дарэчы, з усяго таго, што мне давялося прачытаць, я не ўбачыў нечага такога, што б трапляла пад дэфініцыю “распальванне…”. Таму абсалютна не выключана, што ў выпадку вынясення абвінаваўчага прысуду ўсе фігуранты могуць прызнаны палітычнымі зняволенымі.
РР: Але гучаць і такія меркаванні – маўляў, прарасейскія “рэгнумцы” – гэта людзі з іншага лагера, а значыцца і прызнаваць іх палітычнымі не варта…
Андрэй Бандарэнка: Правы чалавека маюць універсальны прынцып. Тут няма падзялення на “нашых” і “ня нашых”. Калі краіна парушае свае міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека, то любы пацярпелы ад незаконнага пераследу можа быць прызнаны палітычным зняволеным, без “прывязкі” да яго нацыянальнасці альбо поглядаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя