Рада Беластока прыняла бюджэт на 2018 год



Рада горада Беластока аднагалосна прыняла бюджэт на 2018 год. Упершыню ён складзе больш за 2 мільярды злотых. У наступным годзе плануецца ажно 297 інвестыцый. Самыя вялікія – гэта будаўніцтва „Трасы Незалежнасці” за 230 мільёнаў, рамонт вуліцы Цёлкоўскага за 50 мільёнаў ды будаўніцтва аэрадрома за 46 мільёнаў злотых.

Новы бюджэт прадугледзеў таксама папраўкі, якія прапанавалі сябры партыі “Закон і Справядлівасць”, падкрэслівае Тадэвуш Трускаляскі:

– Не было абсалютна ніякіх спрэчак. Была толькі размова цягам паўтары гадзіны. Усе папраўкі былі прааналізаваныя.  Гэты бюджэт складзе 2 мільярды 111 мільёнаў злотых.

У наступным годзе пачнецца будаўніцтва Музея памяці Сібіры і гарадской спартыўнай залы. Узнікнуць таксама новыя роварныя сцежкі. Горад прызначыў на гэта 13 мільёнаў. Расходы бюджэта на 2018 год – гэта 2 мільярды 354 мільёны злотых. Гэта абазначае што дэфіцыт складзе 250 мільёнаў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток