Беларусь наведвае гендырэктар Савета Еўропы па правах чалавека і вяршэнстве права



 Генеральны дырэктар Савета Еўропы па правах чалавека і вяршэнстве права Крыстас Якумопулас будзе знаходзіцца ў Беларусі 19—20 снежня.

Як паведамілі ў прэс-службе Савета Еўропы, Якумопулас выступіць на адкрыцці міжрэгіянальнай канферэнцыі „Апеляцыя ў сістэме крымінальнага права: рэальнасць, тэндэнцыі і перспектывы”. Мерапрыемства арганізавана сумесна Саветам Еўропы і Генеральнай пракуратурай Беларусі ў рамках праекта „Правы чалавека для ўсіх”.

У ходзе візіту Якумопулас сустрэнецца са старшынямі Канстытуцыйнага суда Пятром Міклашэвічам і Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам, міністрам юстыцыі Алегам Сліжэўскім.

У ходзе візіту таксама запланавана сустрэча прадстаўніка Савета Еўропы з кіраўніком рабочай групы Палаты прадстаўнікоў па вывучэнні смяротнага пакарання як інструмента пакарання, старшынёй пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэем Навумовічам і старшынёй пастаяннай камісіі па заканадаўстве Наталляй Гуйвік.

Якумопулас таксама прачытае лекцыю для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. БелаПАН