Сяргей Пятрухін: Судовыя працэсы — гэта нішто іншае, як папулярнасць



Дапамагаць людзям у цяжкіх жыццёвых сітуацыях, у тым ліку канфліктамі з мясцовымі ўладамі, працягвае ў Берасці відэаблогер Сяргей Пятрухін.

На яго ютуб-канале амаль кожны тыдзень зяўляюцца ролікі, а праз сацсеткі выходзяць стрымы, дзе актывіст размаўляе з жыхарамі горада і вобласці. Грамадскі дзеяч адзначыў, што на яго як на фрылансера працягваецца ціск з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў:

Ну зараз у першую чаргу мы адбіваемся ад позваў на судовыя пасяджэнні. Супраць мяне пачалася нейкая кампанія. І з Пінска нас гасяць, і транспартная інспекцыя падала на мяне позву, і Дынама, спадар Ліштван, які з Гарадца, той наш знакаміты ролік, які мае амаль 500 тысяч праглядаў. Таксама суд вынес не ў нашу карысць рашэнне, мы маем выплаціць спадару Ліштвану па 900 рублёў. Што тычыцца нейкіх новых праектаў, дык у нас ёсць адзін, толькі ён у самым пачатку. Працоўная назва «ю-туб дэпутаты». Мы са спадаром Кабанавым заявілі ў розгалас, што мы ўжо дэпутаты, бо я напрыклад шмат каму дапамагаю, працяглы час, як і Кабанаў. Мы сказалі: навошта нам выбары, у нашай краіне не ўсім патрэбныя выбары, каб быць кімсьці. Мы сказалі, што мы дэпутаты і будзем рабіць такое, нібыта шоу.

РР: Якім чынам зараз фармуецца кантэнт вашага каналу?

Зараз прыйшоў нейкі перанакірунак, бо я з Кабанавым пачаў рабіць стрымы і да нас звяртаецца мноства людзей па кожным стрыме. Бо ўсе яны вельмі актуальныя: гэта і зямельныя пытанні і транспартная інспекцыя і вар’яцкія штрафы і інваліды. Усё гэта мае рэзананс. Хоць на відэа-канале праглядаў не шмат: па 2-3 тысячы, але людзі звоняць, бо там ёсць нашы тэлефоны, скардзяцца, нешта пішуць. І гэта, шчыра кажучы, з аднаго боку лягчэй рабіць, бо зрабіць рэпартаж вельмі цяжка: трэба напісаць сцэнар, усё паздымаць, пасклейваць. А тут, нарэзаў патрэбныя табе кавалкі з відэа і сядзіш, у жывым эфіры размаўляеш. І калі трэба, праз адмысловую прогу ўстаўляеш тое, што трэба, і вось так можна нашмат больш зрабіць, нашмат больш падняць пытанняў.

РР: Вы сталі больш актыўна выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, чаму?

Гэта вельмі папулярная рэч, таму і я не стаю на месцы, я авалодваю новымі праграмамі, але, калі б быў яшчэ трэці чалавек, які б гэтым займаўся, было б увогуле цудоўна.

РР: Як на вашу дзейнасць паўплывалі судовыя працэсы?

Судовыя працэсы гэта нішто іншае як папулярнасць. Мне гэта вельмі карысна, чым больш шуму, чым больш больш такіх працэсаў як з «Дынама», тым больш я буду ўздымацца ў вачах людзей і тым больш будзе да мяне даверу. Шмат людзей мяне ведае, падыходзяць на вуліцы і кажуць дзякуй. Папулярнасць ад гэтага толькі расце. Калі будзе яшчэ транспартная інспекцыя, гэта будзе цудоўна. Кппска толькі, што трэба шукаць грошы на выдаткі, каб выплачваць усялякія маральныя крыўды і таму падобнае.

Паводле Сяргея Пятрухіна, жыхары горада і вобласці сёлета актыўней сталі падключацца да фандрайзінгу. Яны адчуваюць датычнасць да агульнай справы і неабыякавасць да таго, што адбываецца ў краіне.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя