Пад Берасцем падчас руху загарэўся рэйсавы аўтобус



19 снежня пад Берасцем падчас руху загарэўся рэйсавы аўтобус „МАЗ”, які ехаў па прыгарадным маршруце.

Паводле інфармацыі афіцыйнага прадстаўніка Берасцейскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргея Машнова, ратавальнікі, якія прыбылі да месца выкліку, патушылі ўзгаранне. Пацярпелых няма.

Сайт „Віртуальны Брэст”, спасылаючыся на відавочцаў, паведамляе, што кіроўца паспеў высадзіць усіх пасажыраў з аўтобуса.

Як паведамілі ў ААТ „Берасцейскі аўтобусны парк”, „МАЗ-103564” ехаў па маршруце Вялічкавічы — Берасце. У 7.15 пры выездзе з вёскі Вялікія Матыкалы ў аўтобусе, як мяркуецца, падчас руху адбылося ўзгаранне ў задняй левай колавай арцы. Агнём значна пашкоджаны кузаў і салон аўтобуса.

„МАЗ” выйшаў на лінію ў тэхнічна спраўным стане. 18 снежня транспартны сродак прайшоў дзяржаўны тэхнічны агляд.

belapan.com