Як дзяржава будзе змагацца з алкагалізацыяй насельніцтва?
Сустаршыня па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі распавядае, ці пачнецца ў Беларусі сапраўдная барацьба за здаровы лад жыцця.
Беларускі кіраўнік прызнаў, што праблема алкагалізацыі ў краіне існуе і абяцаў вярнуцца да гэтай тэмы пасля Новага году. Што зробіць дзяржава, каб беларусы меш пілі?
Віталь Рымашэўскі: Па-першае, ужо добра, што прадстаўнікі ўлады бачаць праблему і агучваюць яе. Мы ўжо два гады праводзім кампанію па дэалкагалізацыі насельніцтва, ходзім ва ўсе зацікаўлены міністэрствы і ведамствы, а таму, магчыма, тая інфармацыя, якую перадаем чыноўнікаў, дасягнула пэўнай крытычнай масы, і з гэтым вырашылі нешта рабіць. Мы ладзілі і “круглыя сталы” па гэтым пытанні, запрашалі чыноўнікаў рознага ўзроўню. І толькі адно міністэрства выказвалася супраць нашых прапаноў – гэта Міністэрства гандлю.
РР: Як, на ваш погляд, будзе вырашацца праблема?
Віталь Рымашэўскі: Я хачу сказаць, што ў дзяржаве ёсць людзі, якія праблему ведаюць, і разумеюць яе наступствы. Так што некаторыя паўмеры зараз ужо агучаны, хаця ў той жа час трэба сказаць, што яны абсалютна недастатковыя. Відавочна, што сёння прыбытак ад продажу алкаголю пакуль яшчэ бярэ верх у барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва. Дарэчы, у нас ёсць да дзяржавы прапанова, як можна абмежаваць гандаль алкаголем і пры гэтым не страціць прыбытак. Напрыклад, ёсць фінская і шведская мадэль, якую можна выкарыстаць. Упэўнены, што праблему можна было вырашыць, каб на тое было жаданне ўлады. А як будзе на самай справе – час пакажа. Мы ж сваё змаганне не спыняем.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя