Чаму ўлада ўсё радзей узгадвае абяцаны заробак у 1000 рублёў?
Стабілізацыя ў эканоміцы і рэкордна нізкі ровень інфляцыі. Улады Беларусі хваляцца поспехамі ў эканамічным развіцці краіны ў бягучым годзе. Пры гэтым пра абяцаны сярэдні заробак у тысячу беларускіх рублёў узгадваецца ўсё радзей, а міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, адзначыла, што ў 2018 годзе сярэдні заробак беларусаў складзе 921-941 рубель, і што яго памер будзе залежаць ад сцэнару развіцця эканомікі.
Эканаміст Яраслаў Раманчук даволі скептычна ацэньвае вынікі мінаючага году і звяртае ўвагу, што эканоміка надалей застаецца дзяржаўнай:
– Ні на адсотак не стала больш прыватнай уласнасці. Цэлы год нас кармілі абяцанкамі, Дэкрэт №7 быў прыняты, але яшчэ не запрацаваў. Інвестыцый таксама не прыбыло, бо дзяржава, як сабака на сене, сядзела, нічога не прадавала.
Эканаміст звяртае ўвагу і на дрэнны стан прадпрыемстваў дзяржаўнага сектару. Паводле наяўных звестак, дзве траціны суб’ектаў гаспадарання працуюць са стратамі, з нулявой або вельмі нізкай рэнтабельнасцю:
– Урад проста перанёс усе гэтыя праблемы на 2018 год. Яны парассоўвалі дрэнныя крэдыты па розных структурах, спадзеючыся, што нешта там запрацуе.
“Тое, што нічога новага ў эканоміцы не адбудзецца, пацвярджае і праект бюджэту на 2018 год”, – дадае эканаміст Яраслаў Раманчук. Паводле яго, праект бюджэту, прыняты дэпутатамі, толькі пацвярджае працяг стагнацыі краіны ў ранейшай эканамічнай мадэлі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелГазета