Несвяточны настрой перад Калядамі



Гарады розныя, а перадсвяточны настрой – аднолькавы. Гарады-суседзі на Берасцейшчыне: Івацэвічы, Бяроза і Кобрынь падобныя па святочным ўбранні  як браты-блізнюкі. Аднолькавыя па памеры і аздабленні елкі на галоўных плошчах імя Леніна. Ілюмінацыя толькі на галоўных вуліцах гарадоў. І  ўпрыгажэнні ля прадпрыемстваў адносна яго эканамічнага стану. Перадсвяточнай мітусні на вуліцах пакуль не бачна.

Адказы жыхароў гэтых гарадоў на пытанне, як рыхтуюцца да святаў  Нараджэння Хрыстова і Новага 2018 году, аказаліся  таксама аднолькавымі:

– На вялікія святкаванні сёння не хапае грошай. Дзяржава дапамагае нам пасціцца часцей.

– Ніяк не збіраемся святкаваць. Грошай няма. У вузкім коле адзначым.

– Няма за што рыхтавацца да святаў. Калі нейкая капейка і з’явіцца, то на жыццё трэба. Хапае  толькі на саме неабходнае, і то не заўсёды.

– Пакуль ніяк не рыхтуюся. Грошай няма. Настрою няма. Надвор’я няма. Наогул, стан спраў у Беларусі не радуе.

– Магчыма Раство надыходзіць у багатых людзей. Скажу шчыра, вельмі шкада мне мой любімы Кобрынь. Людзі бяднеюць тут з года ў год. І без перспектыў.  

Такія адказы не здзіўляюць, калі паглядзіш, што курс даляра за 10 год вырас у Беларусі ў 10 разоў.

Але  Папа Рымскі Францішак заклікае хрысціян  пры падрыхтоўцы да свята „заўсёды заставацца ў радасці, нават калі справы ідуць не так, як хочацца”, нягледзячы на тое, што „турботы, цяжкасці і пакуты ёсць у жыцці кожнага чалавека, і часта навакольная рэальнасць здаецца нам няветлай”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота maiak.by