Кантрасты



Час не стаіць на месцы. Можна паразважаць пра сёмую гадавіну Плошчы, пра юбілей КДБ, пра некаторыя супадзенні жыццёвыя – маем больш аптымістычныя варыянты!

Адзін з такіх варыянтаў – авіяпалёты. У сталічным аэрапорце “Менск-2” быў “зафіксаны” 4-мільённы пасажыр. Ім апынуўся жыхар Менска Усевалад Бяляеў, які ляцеў па справах працоўных з Санкт-Пецярбурга. І атрымаў торт у 4 кг, планшэт, кветкі ды палёт бізнес-класам па адным з маршрутаў ад “Белавіа”. Прыемны сюрпрыз здзівіў атрымальніка, але не пазбавіў ад хранічна сур’ёзнага выразу твару… Ну, не звыклі нашы людзі атрымліваць – хай сабе і заслужаныя! – шыкоўныя падарункі. Насцярожваюцца.

Тым часам амерыканскія авіякампаніі прапанавалі сваім пасажырам расслабіцца – прыемны бонус у час калядных святаў. Усё даволі проста: апранаеш смешны калядны світар – і праходзіш на борт свайго самалёта без чаргі. Чым болей недарэчным будзе малюнак на вашым світры, тым болей маеце шанцаў перамагчы. Торт і планшэт не абяцаюць, затое ўсміхаюцца часцей. Гэта ўжо традыцыя – Дзень недарэчнага світра адзначаюць у ЗША 10 гадоў.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі 19 снежня зацвердзілі нацыянальны бюджэт на 2018 год. Зразумела, дакумент будзе канчаткова прыняты, калі яго падпіша кіраўнік нашай дзяржавы. Хтосьці з дэпутатаў называе бюджэт рэалістычным і кампрамісным, а хтосьці – антысацыяльным. Цяжка спрагназаваць у нашых шыротах, як будуць выглядаць некаторыя эканамічныя параметры, затое добра вядома, што КДБ і Міністэрства абароны грошай атрымаюць з запасам, а медыцына і адукацыя будуць і надалей фінансавацца па астаткавым прынцыпе.

Установы адукацыі рэжым эканоміі ўключылі даўно. У маладэчанскай школе №14 зрабілі ўваход на навагоднія ранішнікі платным… для бацькоў. Пэўна, з дзядуляў і бабуляў возьмуць па двайным тарыфе? Квіток каштуе нядорага – адзін рубель дваццаць капеек, але многіх бацькоў абурыў сам факт. Думаецца, абурэнне далёка не пойдзе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ