Барыс Пятровіч: СБП вытрымаў выпрабаванні 2017 года



Творчая арганізацыя Саюз беларускіх пісьменнікаў, якая засталася без фінансавай падтрымкі, і сябры якой зазналі пераслед уладаў, вытрымала ўсе выпрабаванні. Колькасць сябраў арганізацыі вось ужо некалькі гадоў застаецца стабільнай.

Кажа старшыня Саюза Барыс Пятровіч:

– У нас зараз крыху больш за 470 сяброў. Гэтая лічба вагаецца плюс-мінус, але ў сярэднім колькасць сяброў трымаецца каля гэтай лічбы. А калі браць пяцігоддзе, то прырост ёсць – недзе 30-40 новых сяброў уступіла ў Саюз пісьменнікаў.

Сёлета Саюз беларускіх пісьменнікаў страціў шмат вядомых літаратараў, якія пайшлі з жыцця, але на іх месца прыйшла моладзь – працягвае Барыс Пятровіч:

– Што такое Саюз пісьменнікаў? Гэта арганізацыя жывая, рухомая, адны сябры адыходзяць, а сёлета мы страцілі вельмі шмат нашых вядомых пісьменнікаў, на іх месца прыйшлі новыя – і маладыя, і сталыя. Але агульная лічба – яна прыблізна такая, якую я назваў.

Сёлета Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняла пастанову №7 “Аб вызначэнні творчых саюзаў”, куды па нейкай прычыне не ўвайшлі чальцы СБП, але ўвайшлі чальцы “праўладнага” Саюза пісьменнікаў Беларусі. Але пасля шматлікіх заяў і зваротаў Міністэрства культуры перагледзела спіс пастановы і ўключыла найстарэйшую пісьменніцкую арганізацыю ў пералік творчых саюзаў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара