Галаграфічны Уладзімір Высоцкі выступіць у Маскве
Галаграфічны Уладзімір Высоцкі выступіць у суправаджэнні аркестра ў Маскве, паведамляюць расейскія СМІ. Адзначаецца, што незвычайнае выступленне адкрые XI штогадовую нацыянальную прэмію „Чартова Дюжина”, якая адбудзецца 15 лютага 2018 года.
Арганізатары кажуць, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць узнавіць любую выяву. Выступ у выглядзе галаграмы ўжо быў паспяхова выкарыстана ў 2014 годзе на Billboard Music Awards, калі на сцэне з’явіўся Майкл Джэксан. Таксама ў 2012 годзе на фестывалі Coachella на сцэну „выйшаў” загінулы рэпер Тупак Шакур.
Уключэнне ў праграму прэміі Уладзіміра Высоцкага невыпадкова: у 2018 годзе кумір мільёнаў адзначаў бы 80-гадовы юбілей. Па задумцы, галаграма Высоцкага будзе сімвалізаваць своеасаблівы мост паміж мінулым і будучыняй: пераход ад аўтарскай песні да року.
Паэт, акцёр і аўтар-выканаўца песень Уладзімір Высоцкі нарадзіўся 25 студзеня 1938 года. Ён сыграў больш за 20 роляў у тэатры, напісаў каля тысячы песень. Памёр 25 лiпеня 1980 года.