Каб не рызыкаваць: чыноўнікі балатуюцца па вясковых акругах
Кіраўнік справамі Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта, былы старшыня Бярозаўскага райвыканкаму Юрый Наркевіч збіраецца балатавацца ў абласны Савет па вясковай акрузе. Яго ініцыятыўная група па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдата ў дэпутаты Берасцейскага абласнога Савета дэпутатаў зарэгістравана па Малецкай выбарчай акрузе №25 у Бярозаўскім раёне.
Кажа незалежны назіральнік за выбарамі Сяржук Русецкі:
– Не першы чалавек з Берасця, які балатуецца менавіта па Бярозаўшчыне. У свой час той жа Заламай балатаваўся па Малечскай акрузе і стаў дэпутатам Берасцейскага абласнога Савета, а пазней і старшынём аблвыканкама. Па завядзёнцы яшчэ з савецкіх часоў, каб не рызыкаваць, кіраўнікі часта ішлі па вясковых акругах, каб надзейна стаць дэпутатамі.
Паводле Русецкага, хутчэй за ўсё Наркевіч будзе адзіным кандыдатам на акрузе. А бясхітрасныя вясковыя жыхары больш сталейшага ўзросту не вельмі дасведчаныя ў яго апошніх справах на пасту старшыні райвыканкама.
Беларускае Радыё Рацыя