У Баранавічах судзяць мужчыну за выкраданне 15-гадовай школьніцы



Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 20 снежня пачаў разглядаць справу 39-гадовага мясцовага жыхара, які абвінавачваецца ў выкраданні 15-гадовай школьніцы.

Як паведаміла БелаПАН старшы памочнік Баранавіцкага міжраённага пракурора Святлана Пасямко, якая падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачанне па справе, згодна са звесткамі следства, днём 2 жніўня ў Баранавічах на пустцы блізу вуліцы Бадака мужчына нанёс шэсць удараў у вобласць галавы 15-гадовай школьніцы, якая ішла дамоў з вадасховішча Мышанка. Дзяўчыну, якая страціла свядомасць, ён заштурхаў у багажны адсек свайго аўтамабіля „Опель-Зафіра”.

Ачуняўшы, школьніца пералезла з багажніка ў салон, затым ёй удалося выскачыць з „Опеля”.

Дзяўчына стала прасіць аб дапамозе грамадзян. Тыя выклікалі міліцыю і хуткую дапамогу. Школьніцу з цялеснымі пашкоджаннямі шпіталізавалі.

Мужчына на сваім аўтамабілі з’ехаў. У гэты ж дзень яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі.

Дзеянні мужчыны кваліфікаваныя на падставе пунктаў 1 і 7 часткі 2 артыкула 182 КК (выкраданне чалавека з прымяненнем гвалту ў дачыненні да непаўналетняй).

Абвінавачаная і пацярпелая — жыхары Баранавічаў, знаёмыя не былі.

„На першым судовым пасяджэнні абвінавачаны прызнаў, што збіў школьніцу і заштурхаў яе ў машыну. Ён заявіў, што біў рукой, і адмаўляў нанясенне удараў гаечным ключом і кавалкам асфальту, як паказала пацярпелая”, — адзначыла Пасямко.

Разгляд справы працягнецца 21 снежня.

Раней мужчына, рабочы адной з арганізацый горада, прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства. Судзімасць пагашаная.

belapan.by