Гомельская грамадскасць аб’ядноўвае высілкі дзеля ўшанавання памяці Палуты Бадуновай



Гомельская грамадскасць аб’ядноўвае высілкі дзеля ўшанавання памяці міністра БНР Палуты Бадуновай. З нагоды 100-годдзя БНР у горадзе пачала дзейнічаць ініцыятыўная група, сябры якой спрабуюць годна адзначыць аднаўленне беларускай дзяржаўнасці.

Адным з напрамкаў дзейнасці ініцыятыўнай групы з’яўляецца змаганне за з’яўленне вуліцы і мемарыяльнай шыльды ў гонар міністра сацыяльнай апекі БНР Палуты Бадуновай. Актывісты падрыхтавалі да гарадскіх уладаў зварот, у якім пералічваюць заслугі і прыводзяць біяграфічныя звесткі знакамітай зямлячкі.

Грамадскі дзеяч Уладзімір Кацора перакананы, што сёлета шансы на ўшанаванне Палуты Бадуновай даволі высокія.

— Першая спроба была ў 2008 годзе, калі былі сабраны групай грамадскіх актывістаў подпісы ў Навабеліцы. Недзе больш за трыста. Яны былі перададзены, абмяркоўваліся, але улада не пайшла насустрач. Я так думаю, што шансы пяцьдзясят на пяцьдзясят. Гэтым разам усё ж такі ўлады прыслухаюцца і вуліца ці памятнай дошка, як мінімум, з’явяцца ў горадзе Гомелі.

Гамяльчанка Палута Бадунова была адзінай жанчынай у Народным сакратарыяце БНР, подпіс якой стаіць пад трыма Устаўнымі Граматамі. У 1937 годзе Палута была арыштаваная супрацоўнікамі НКУС, а потым закатаваная ў сталічнай турме „амерыканцы”.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя