Заняткі па-беларуску для самых маленькіх у Менску



У менскім мікрараёне Сухарава пачаліся заняткі для самых маленькіх на беларускай мове. Бацькі ініцыявалі стварэнне беларускай групы “Казачны завулак” пры Клубе развіцця і творчасці “Дзіцячы квартал”. Пра гэта нашаму радыё расказала адна з арганізатараў, маці дзвюх малых дзяўчынак Таццяна Казлоўская. Пакуль беларуская група вельмі маленькая і адзіная на ўсё Сухарава, у якім жыве больш за 200 тысяч чалавек. А бацькам, якія хочуць выхоўваць і адукаваць сваіх дзяцей на роднай мове, перадусім не хапае інфармацыі і рэкламы такіх ініцыятыў:

— Зараз займаюцца толькі трое дзетак у групе разам з бацькамі. Трэба разумець, што групы маленькія:максімальна 6 дзяцей у групе. Хацелася б развіць і таксама падзяліць ды стварыць не адну а дзве групы, бо дзеці, калі займаюцца разам ад года да чатырох ім крыху складана. Але пакуль не атрымалася набраць поўныя групы. Тут я лічу вялікай праблемай інфармаванасць, калі даведацца пра нейкія заняткі беларускамоўныя не так і проста і знайсці месца, куды можна павадзіць дзіця.

 

Заняткі адбываюцца ў гульнявой форме:

— На занятках дзеці спяваюць песні на беларускай, развіваюць спрыт маленькіх пальчыкаў, робяць розныя практыкаванні, малююць, лепяць, пашыраюць свой слоўнікавы запас. І яшчэ адзін момант: гэтыя заняткі дапамагаюць у сацыялізацыі дзяцей. Дзеці працуюць у групе разам. Таксама працуюць пад кіраўніцтвам педагога і гэта падрыхтоўка да садка, да больш самастойнага перыяду ў дзіцячым жыцці.

 

Праграма заняткаў не канцэнтруецца, як гэта бывае, на фальклоры і вывучэнні традыцый. «Вышыванкі – гэта добра, нам, зразумела, падабаюцца такія рэчы, але ў адукацыйным ракурсе нас цікавіла адпаведнасць праграмы сучасным тэндэнцыям», — сказала Таццяна Казлоўская.

Абанемент на 8 заняткаў у месяц каштуе 57 рублёў. Больш інфармацыі пра беларускамоўны «Казачны завулак» можна знайсці на сайце „Дзіцячага кварталу”.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя