Зборная Беларусі завяршае год на 92-м месцы рэйтынгу ФІФА
Футбольная зборная ФІФА займае 92-е месца ў снежаньскім рэйтынгу Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА).
За мінулы месяц каманда Ігара Крывушэнкі матчаў не праводзіла і засталася на былой пазіцыі, маючы ў сваім актыве 372 ачкі. Усяго ў 2017 годзе зборная Беларусі правяла 11 матчаў (6 у адборачным турніры ЧС-2018 і 5 таварыскіх). У актыве беларусаў усяго дзве перамогі: над зборнымі Балгарыі – 2:1 (дома; ЧС) і Новай Зеландыі – 1:0 (дома; ТМ). Адна гульня завяршылася ўнічыю – з Грузіяй – 2:2 (у гасцях; ТМ). У пасіве 8 паражэнняў: ад Швецыі – двойчы па 0:4 (дома і ў гасцях; ЧС), Люксембурга – 0:1 (у гасцях; ЧС), Нідэрландаў – 1:3 (дома; ЧС), Францыі – 1:2 (у гасцях; ЧС), Македоніі – 0:3 (у гасцях; ТМ), Швейцарыі – 0:1 (у гасцях; ТМ), Арменіі – 1:4 (у гасцях; ТМ). Розніца мячоў – 8-19. Два галы ў гэтым годзе забіў дэбютант нацыянальнай дружыны Антон Сарока, па разе вызначыліся Міхаіл Сівакоў, Павел Савіцкі, Максім Валадзько, Дзяніс Палякоў, Ігар Стасевіч і Павел Няхайчык.
За ўсе гады лепшым месцам у рэйтынгу ФІФА для беларусаў было 60-е, на якое яны ўзняліся ў лістападзе 2007 года, калі каманду трэніраваў нямецкі спецыяліст Бернд Штанге. Горшая пазіцыя – 137-я ў снежні 1993 года.
Топ-10 апошняга рэйтынгу ФІФА 2017 года:
1. Германія – 1602 ачкі,
2. Бразілія – 1483,
3. Партугалія – 1358,
4. Аргенціна – 1348,
5. Бельгія – 1325,
6. Іспанія – 1231,
7. Польшча – 1209,
8. Швейцарыя – 1190,
9. Францыя – 1183,
10. Чылі – 1162.
З краін былога СССР найбольш высокі рэйтынг у зборнай Украіны – 35-е месца (781). Расія размясцілася на 64-й пазіцыі (534). Астатнія постсавецкія зборныя займаюць наступныя пазіцыі: 78 – Узбекістан, 89 – Эстонія, 90 – Арменія, 104 – Грузія, 114 – Туркменістан, 115 – Кыргызстан, 117 – Азербайджан, 126 – Таджыкістан, 132 – Латвія, 137 – Казахстан, 149 – Літва, 167 – Малдова.
Наступны рэйтынг ФІФА апублікуецца ў канцы студзеня 2018 года.