Памерла Валерыя Навадворская



Рада беларускай інтэлігенцыі зрабіла заяву з нагоды смерці расейскай праваабаронцы Валерыі Навадворскай: «З пачуццём глыбокага смутку ўспрынялі вестку аб смерці Валерыі Іллінічны Навадворскай. Яна нарадзілася ў Беларусі, у горадзе Баранавічы, і мы заўсёды лічылі яе сваёй — ганарыліся і захапляліся» — гаворыцца ў заяве. Рада беларускай інтэлігенцыі выказвае захапленьне яе ўменнем пры любых абставінах заставацца свабоднай, мужнасцю, адвагай і гатоўнасцю ў адзіночку змагацца з высокапастаўленымі нягоднікамі: «Яе сумленне — як чысты хімічны элемэнт, у прыродзе такое сустракаецца вельмі рэдка. Менавіта па ёй кожны мог праверыць свае жыццёвыя кампрамісы, свае памкненні і свае ўчынкі». «Магчыма, у гэтым і было яе прызначэнне. Уся яе творчасць, як і ўсё яе адметнае жыццё, — гэта працяг вялікай чаадаеўскай традыцыі казаць царадворцам праўду. Менавіта гэтая традыцыя сёння асабліва важная, бо толькі яна, а не танкі і не ўстаноўкі „Град“, здольная захаваць павагу да нашых моваў і культураў», — гаворыцца ў заяве Рады беларускай інтэлігенцыі.

* * *

У Маскве памерла апазіцыйны палітык і грамадская дзяячка Валерыя Навадворская. Пра гэта 12 ліпеня паведаміў «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу ў медыцынскіх колах.

Па дадзеных «Ленты.ру», у суботу Навадворская паступіла ў цяжкім стане ў рэанімацыйнае аддзялення гнойнай хірургіі Гарадской клінічнай бальніцы № 13. Як паведаміла крыніца выдання, Навадворская памерла ад інфекцыйна-таксічнага шоку.

Валерыя Навадворская – расейская ліберальная грамадская дзяячка, незалежная журналістка і відэаблогер, заснавальніца партыі «Дэмакратычны саюз».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Святланы Прывалавай