У Мсціславе абрынулася сцяна 260-гадовага касцёла



У Мсціславе абрынулася частка 260-гадовага касцёла. Заклікі да двух міністраў і грамадскасці пачаць ратаваць будынак як мага хутчэй не дапамаглі.

Пра тое, што абвалілася частка сцяны касцёла ў Мсціславе, распавёў мянчук і ўраджэнец Мсціслава Дзяніс Касцюкевіч. Ён апублікаваў відэа, якое атрымалася даволі эмацыйным.

Актывіст двойчы звяртаўся да міністраў культуры – да былога і цяперашняга – Барыса Святлова і Юрыя Бондара – з просьбай выратаваць будынак рэдкай прыгажосці і архітэктуры.

Пасля відэазвароту да Святлова Дзянісу прыйшоў адказ за подпісам намесніка міністра культуры Аляксандра Яцко аб тым, што вылучыць сродкі з рэспубліканскага бюджэту на «вышэйадзначаную гісторыка-культурную каштоўнасць немагчыма».

У адказе таксама сказана, што ў чэрвені 2017 года Міністэрства культуры «прапанавала Мсціслаўскаму райвыканкаму прапрацаваць з уласнікам гісторыка-культурнай каштоўнасці пытанне і прыняць меры па прыцягненні рэсурсаў грамадскіх і камерцыйных арганізацый, спонсараў, інвестараў […] для стварэння ўмоў па забеспячэнні захаванасці аб’екта спадчыны, у тым ліку і па распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі „.

У мсціслаўскіх уладаў грошай на рэканструкцыю касцёла тым больш не знайшлося. Толькі праектна-каштарысная дакументацыя для рэканструкцыі касцёла каштуе 100 тыс. рублёў. І сума гэтая прыблізная.

Так езуіцкі касцёл выглядаў знутры два месяцы таму, калі па будынку пайшлі новыя расколіны. Калона і аркі абрынуліся з-за таго, што няма даху. І вось праз два месяцы абвалілася частка сцяны.

– Пасля абвалу на месца выязджалі нашы спецыялісты па будаўніцтву, супрацоўнікі МНС, каб пераканацца ў тым, што няма небяспекі людзям, – распавёў намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Ігар Мельнікаў.

Паводле яго слоў, доступ у будынак зачынены, ёсць агароджа, каб да яго не набліжаліся людзі. Цяпер чыноўнікі вырашаюць, што рабіць далей. Але гаворкі аб рэканструкцыі будынка па-ранейшаму не ідзе, падкрэсліў Ігар Мельнікаў. Для раённага бюджэту гэта проста непад’ёмная сума.

З моманту першага відэазвароту з просьбай пачаць ратаваць касцёл прайшло 5 месяцаў. Падобна, што сумны прагноз Касцюкевіча пра тое, што праз год ратаваць ужо не будзе чаго, пачынае спраўджвацца.

 

tut.by