Няўдалы жарт



Перажылі самы кароткі дзень года – можна рухацца далей і ставіць новыя мэты, але перш-наперш варта крышачку супакоіцца, падумаць і адзначыць Раство ды Новы год…

Душа прагне цудаў у любым узросце – і кожны з нас мае права на цуды, але… Падумайце добра, ці ваш гэта цуд! Падчас жаданне атрымаць штосьці прыемнае скарыстоўваюць махляры. Падобная гісторыя здарылася днямі з жыхарамі Жодзіна і Барысава. Тут людзі атрымалі бандэролі, якія не замаўлялі. Сюрпрыз перад навагодне-калядннымі святамі? Пэўна, так і думалі дарослыя людзі, атрымаўшы квіточкі з пошты.

Маўляў, атрымайце і распішыцеся! Праўда, спачатку аплаціце пасылку. Пару дзясяткаў рублёў. Вось тут бы ўжо і насцярожыцца, бо не бывае платных падарункаў і, калі чалавек з іншага мястэчка ці горада надумаў парадаваць вас, ён сам аплоціць перасылку – зазвычай так і бывае… Але падчас цікавасць (ці то жаданне цудаў пад Новы год?) перамагае. У выніку чалавек плоціць 65 рублёў ды атрымлівае танны сувенір у скрыначцы (рублі на 2!)

Усё законна – вас жа ніхто не прымушаў плаціць, праўда? Не чакалі бандэроль? Ок, не варта было пхнуцца на пошту. Пасылка вернецца таму, хто адправіў, праз 30 дзён… І ўсё ж зарабляць на святочным настроі суайчыннікаў – гэта прыкмета дрэннага густу, прычым і заробкі тыя мізэрныя. Гэта тое ж самае, што зрабіць платнымі для бацькоў дзіцячыя ранішнікі ў школах, забыўшыся – тыя ж самыя бацькі пастаянна даюць грошы то на тэхніку, то на рамонт. Быццам і драбяза, а непрыемна…

Хто не верыць у Дзеда Мароза, згадайце пра закон бумеранга ды паводзьце сябе прыстойна! Жарт, але ў кожным жарце…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ