Лета ў лістападзе



Лета ў лістападзе – радуюць нас сіноптыкі, а найбольш – цяплынь за вокнамі!

Беларускія святы і выходныя дні – супярэчлівы мікс праваслаўя, каталіцызму, камунізму ды язычніцтва… Нічога, прыцярпеліся! Беларусы.

Любы выходны дзень кожны класічны беларус зможа скарыстаць на сваю карысць і не будзе доўга пераймацца з нагоды, якое менавіта свята адзначаем сёння. Адзіны нюанс – святы рэлігійныя. Тут ужо любы адказны суайчыннік (а тым болей – суайчынніца!) фізічнай працай займацца не будуць. Ці то каталікі падчас праваслаўных урачыстасцей, ці то людзі праваслаўныя падчас святаў каталіцкіх. Найбольш ярка стаўленне да святаў, працы ды адпачынку праяўляецца ў вёсцы. Тут здаўна не паважаюць суседа-каталіка, што выбівае палавікі навату час не самых важных праваслаўных святаў… І наадварот! Зрэшты, часцей правілы парушаюць людзі, далёкія ад пытанняў рэлігійнага этыкету. Пра такіх у вёсцы кажуць – “сектанты!”… Ці яшчэ штосьці… Зусім ужо не цэнзурнае.

Рэвалюцый у нашай краіне пабойваюцца, але 7 лістапада як дзень адной з “рэвалюцый” святкуецца на дзяржаўным узроўні. Дзяды – дзень памяці і шанавання продкаў – не выходны дзень, быццам, не свята, а вось 7 лістапада… Дзіўная рэч.

І ўсё ж менавіта на Дзяды беларусы продкаў згадваюць, як і на Радаўніцу. Без указівак зверху. 7 лістапада адпачываюць і на працу не рвуцца. Працуюць дома! Што будзе рабіць тыповы вясковы беларус у такі дзень? Не грэх прыбрацца ў хаце ды пабяліць дрэвы на зіму, праўда ж? Класіка жанра.

Безумоўна, накаторыя таварышы шчыра рвуцца святкаваць усё на свеце адзіным шырокавядомым спосабам… Іншыя пражыць не могуць без чырвоных гваздзікоў да помніка “дзядулю” Леніну… І чамусьці менавіта яго лічаць той гісторыяй, ад якой нельга адмовіцца. Нашы дзяды, пэўна, у труне пераварочваюцца ад такой павагі да… Дзіўна.

Выходны і халява – святая наша справа! Як скарыстаць такую магчымасць, кожны вырашае сам…  У межах зададзеных магчымасцей!

Беларусам насамрэч даволі ўтульна жывецца ў некалькіх паралельных рэальнасцях: думаць адно, казаць іншае і ціха-мірна партызаніць, забарыкадаваўшыся ў  бункеры таемных спадзяванняў… Мая хата  з краю – нікога не чапаю.

Такая чарговая восень… Залатая.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ