Што значыць ліст Андрэя Раўкова
21 снежня сайт газеты «Наша ніва» апублікаваў вытрымкі з ліста міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова, які быў разасланы ў вайсковыя часткі. Тэкст прысвечаны маральна-псіхалагічнаму стану афіцэраў і законнасці ў войску. Я перачытаў яго тры разы. Калі гэта і праўда ліст за подпісам Раўкова, то гэта проста бомба. Мяркуйце самі.
-
Усё тое, пра што «крычала» грамадзянская супольнасць у сувязі з забойствам салдата Аляксандра Коржыч, афіцыйна прызнана. А значыць, усе абвінавачванні з боку чыноў Мінабароны ў антывайсковай кампаніі, падрыве нацыянальнай бяспекі і палітычнай нелаяльнасці ў дачыненні да тых, хто патрабаваў адстаўкі міністра абароны – не слушныя.
-
Андрэй Раўкоў займае пасаду міністра абароны з лістапада 2014 года. Мяркуючы па зместу ліста, ён наогул не быў у курсе рэальнага становішча спраў з законнасцю ў войску. Цэлы ліст – гэта прызнанне міністра ва ўласнай бездапаможнасці. Я не ведаю, што думаў той, хто гэты тэкст складаў і Раўкоў, падпісваючы яго. Але гэта край. З боку вонкавага назіральніка атрымліваецца, што пры папярэднім міністры абароны ўсё было больш-менш (нават калі на самой справе і не было). Але вось прыйшоў Раўкоў – і пакацілася пад адхон (нават калі пакацілася да яго).
-
Міністр прызнаў той факт, што наш афіцэрскі корпус у значнай частцы складаецца з «аватараў». Здаецца, ёсць чалавек на пасадзе, а карысці ад яго ў лепшым выпадку ніякай. А ў горшым – адна шкода. Заканамерны вынік дэвальвацыі статусу афіцэра, калі напаўпісьменныя людзі са 120 баламі атэстата паступаюць (г.зн. іх прымаюць) у ваенныя ВНУ. А прымаюць іх з такім атэстатам, таму што ёсць патрабаванне 100-% выканання плана па наборы курсантаў. Інакш прыйдзецца скарачаць выкладчыцкі склад. Так, трэба запаўняць некамплект малодшых афіцэраў. Гэта вострая праблема. Але вырашаць яе трэба, відавочна, нейкімі іншымі метадамі.
-
Мне неяк было пастаўлена ў прэтэнзію, што грамадзянская супольнасць смелая «нападаць» на войска, ведаючы, што яно не адкажа. А вось КДБ – іншая справа. Таму плаўна пераходзім да нашых дарагіх юбіляраў. Хацелася б бачыць колькасць крымінальных спраў, пачатых па матэрыялах вайсковай контрвыведкі КДБ. Мяркуючы па тым пекле, якое прыводзіцца ў лісце Раўкова, контрвыведка, як і міністр, сітуацыю ў войсках не кантралюе. Прычына вядомая: контрвыведку так спрытна скарачалі і аптымізавалі, што ад аператыўнага складу засталіся «рожкі ды ножкі». Тады што УВКВ КДБ піша ў справаздачах аб выніках службовай дзейнасці? І як гэта праходзіць праз кіраўніцтва КДБ? Старшыня Камітэту Валерый Вакульчык большую частку сваёй оперскай кар’еры правёў якраз у органах вайсковай контрвыведкі. І ведае гэтую сферу выдатна. І? Сентыменты ў дачыненні да роднай службы?
Наша сістэма ўлады добра «тынкуе» фасад. Але вось унутры столькі гнілі, што, здаецца, акрамя гэтай гнілі ўжо нічога і няма. Пасля пачатку справы Коржыча стала зразумела, што ў нас праблемы. Пасля гэтага ліста зразумела, што ў нас вельмі сур’ёзныя праблемы.