БХД заклікае Еўразвяз да крытычнага дыялогу з Беларуссю (абноўлена)



Аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” „вітае палітыку адкрытасці Еўразвязу і дэмакратычных краін да Беларусі, але разам з тым заклікае да правядзення крытычнага дыялогу, заснаванага на каштоўнасцях і прыярытэце правоў чалавека”. Пра гэта гаворыцца ў заяве дэлегатаў з’езда БХД, які прайшоў 23 снежня ў Менску. „Падтрымка, якая вылучаецца ЕЗ для Беларусі, павінна быць перш за ўсё накіраваная на паляпшэнне ўмоў жыцця беларускага народа, а не на падтрымку і кансервацыю дзейнага рэжыму. Для гэтага БХД заклікае ўстановы Еўразвязу зрабіць дыялог з Беларуссю больш празрыстым для беларускіх грамадзян, зрабіўшы грамадзянскую супольнасць краіны паўнавартасным удзельнікам дыялогу ЕС з Беларуссю”, — гаворыцца ў заяве з’езда пра палітычную сітуацыю.   БХД таксама лічыць неабходным падтрымліваць крытычны дыялог з прадстаўнікамі беларускіх уладаў „для прасоўвання дэмакратычных рэформаў, правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі”, заклікаючы распрацаваць „ясную дарожную карту перамоў Беларусь — Захад з удзелам незалежнага грамадства і палітычнай апазіцыі”.

БХД асуджае палітычныя арышты ў Беларусі, прыняцце рэпрэсіўных законаў, абмежаванне асноўных правоў на свабоду сходаў, выказвання меркаванняў і асацыяцый, а таксама наданне дадатковых паўнамоцтваў і імунітэту ад судовага пераследу службовым асобам Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

Арганізацыя заклікае ўрад Беларусі „неадкладна вызваліць і рэабілітаваць” усіх палітычных зняволеных у Беларусі, тых, каму былі прад’яўленыя абвінавачванні і абмежаваная свабода перамяшчэння.

БХД заклікае ўрад Беларусі выконваць свае абавязацельствы перад АБСЕ „ў адносінах да свабоды сходаў і свабоды выказвання меркаванняў, а таксама лібералізаваць заканадаўства і практыку, дазваляючы грамадзянам рэалізаваць права на публічны пратэст на вуліцах гарадоў і на прасторах інтэрнэту”.

У з’ездзе БХД удзельнічала 110 дэлегатаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Па рашэнні з’езду аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” ў сёмы раз падасць дакументы на афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі. Раней БХД шэсць разоў беспаспяхова спрабавала зарэгістравацца ў Мінюсце ў якасці палітычнай партыі.

БелаПАН   ***

Спаўняецца 100 год з часу заснавання Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці, потым ператворанай у Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю. БХД сталася найбуйнейшай беларускай партыяй, якая бараніла ідэалы незалежнасці Беларусі на хрысціянска-дэмакратычных прынцыпах. У Заходняй Беларусі яна  адзіная адстойвала вернасць ідэалам БНР.

Кажа сустаршыня незарэгістраванай партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі:

– Фармальна нават Велікабрытанія канстытуцыйная  манархія. А вось з чым Хрысціянства па сутнасці несумяшчальнае, гэта з антычалавечымі паводзінамі, з няпраўдай, з хлуснёй, з тымі рэчамі, якія супярэчаць евангельскім і біблейскім каштоўнасцям. Таму, наколькі сумяшчальна сёння з дзеючай уладй ці апазіцыяй, залежыць ад улады і апазіцыі. Калі ўлада парушае маральна-этычныя нормы, то несумяшчальна!

У суботу ў менскім гатэлі “Вікторыя” адбудзецца з’езд партыі БХД, прымеркаваны да 100-гадовага юбілею.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя