У Берасці за службовы падлог асуджаны былы дырэктар ДЮСШ
У Берасці за службовы падлог асуджаны былы дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы (ДЮСШ).
Як паведаміла БелаПАН намеснік начальніка аддзела пракуратуры Берасцейскай вобласці Юлія Лебедзева, мужчына, працуючы дырэктарам спартыўнай школы, з лютага 2013 па люты 2014 года, а таксама са студзеня па жнівень 2016 года з асабістай зацікаўленасці неаднаразова ўносіў загадзя лжывыя звесткі ў табель уліку працоўнага часу пра знаходжанне на працоўным месцы сваёй дачкі, якую ён уладкаваў у гэтую ўстанову механікам па тэхнічных відах спорту.
Фактычна яна адсутнічала на працоўным месцы без паважлівых прычын, у прыватнасці ездзіла ў Польшчу, пра што дырэктару школы было вядома.
Усяго яго дачцэ была неабгрунтавана налічана заработная плата на агульную суму 990 рублёў 53 капейкі. Гэта было выяўлена ў ходзе праверкі.
13 снежня суд Маскоўскага раёна Берасця прызнаў 65-гадовага мужчыну вінаватым па ч. 1 арт. 427 КК (службовы падлог) і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 300 базавых велічынь (6.900 рублёў).
Да вынясення прысуду абвінавачваны кампенсаваў прычыненую шкоду ў поўным аб’ёме. Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.
belapan.by