ТБМ шукае сродкі на арэнду памяшкання і на сваю дзейнасць



Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) шукае сродкі для аплаты арэнды памяшкання і фінансавання сваёй дзейнасці.

„Не думала, што так будзе. Але сітуацыя вымушае звярнуцца наўпрост да ўсіх, хто падтрымлівае дзейнасць ТБМ і хоча рэальна пашыраць прастору беларускай мовы ў сферы адукацыі, інфармацыйным вяшчанні”, — напісала старшыня арганізацыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Яна адзначыла, што арганізацыя не мае ніякіх ільгот пры аплаце арэнды памяшкання і камунальных паслуг, сума якіх на сёння складае крыху больш за дзве тыс. рублёў у месяц.

На сайце ТБМ размешчана інфармацыя, што па стане на 20 снежня на рахунку арганізацыі знаходзіцца 63 рублі 90 капеек, на рахунку АРІП – 5 рублёў 90 капеек.

Анісім напісала, што ТБМ вядзе „даволі вялікую разнастайную дзейнасць”. „У нас у офісе праходзяць заняткі па навучанні польскай мове праз беларускі, а таксама курсы ўкраінскай мовы. Мы даем магчымасць праводзіць выставы мастакоў, ладзіць прэзентацыі кніг, сустрэчы з пісьменнікамі. У нас ёсць яшчэ шмат задум і ідэй, якія хацелася б рэалізаваць на працягу 2018-га і наступных гадоў Але ў нас вельмі востра паўстала фінансавае пытанне”, — сказала яна.

Паводле слоў Анісім, напярэдадні з’езда, які адбыўся 29 кастрычніка, ТБМ звярталася да прадпрымальнікаў, кіраўнікоў банкаў і прадпрыемстваў. „На жаль, падтрымалі нас толькі некаторыя асобы, што дазволіла годна правесці з’езд. Большасць тых, да каго мы звярталіся, або адмовілі ў дапамозе, або не адказалі зусім. Безумоўна, мы будзем і надалей шукаць (і спадзяюся, знойдзем) сродкі для правядзення Агульнанацыянальнай дыктоўкы і мерапрыемстваў да 100-годдзя БНР. Але гэта будзе магчыма, калі вы нам дапаможаце сёння сваімі ахвяраваннямі. Акрамя нас саміх, грамадзян Беларусі, турбавацца за стан і лёс беларускай мовы больш няма каму”, — напісала яна.

„Разумею, што клопатаў і выдаткаў напярэдадні зімовых святаў ва ўсіх хапае. Я і сама маю адпаведныя дабрачынныя абавязкі як дэпутат сваёй акругі. І таму спадзяюся, што знойдзецца дастаткова шмат людзей, хто зможа пералічыць хай і не вельмі вялікую суму — 10 рублёў ( хтосьці менш, хтосьці і больш), і мы ў Новым годзе будзем пашыраць сваю дзейнасць па стварэнні сучаснага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання ў Беларусі, а таксама рэалізоўваць новыя ідэі і ініцыятывы”,— дадала Анісім.

belapan.by