Кобрыньская міліцыя лічыць георгіеўскую стужку „сімвалам яднання”



Лідскі грамадскі актывіст Валер Мінец атрымаў адказ з Кобрыньскага РАУС наконт свайго запыту ва УУС Берасцейскага аблвыканкаму. Абласное міліцэйскае начальства перанакіравала заяву Мінца ў аддзел унутраных спраў Кобрыньскага райвыканкаму.

Валер Мінец звяртаў увагу міліцэйскага начальства на той факт, што ў ліпені бягучага году ён на аб’язной кобрыньскай дарозе зафіксаваў службовы аўтамабіль ДАІ з так званай „георгіеўскай стужкай”.

Валер Мінец указаў у заяве на неправамоцнасць выкарыстання гэтай сімволікі і, як мінімум, на ідэалагічную супярэчнасць георгіеўскай стужкі каштоўнасцям Рэспублікі Беларусь, а таксама прасіў правесці службовую праверку. Афіцыйны адказ лідскі актывіст атрымаў у снежні за подпісам намесніка начальніка аддзелу Кобрыньскага РАУС падпалкоўніка Віктара Турчыновіча. Прадстаўнік міліцыі сцвярджае, што „Гвардзейская стужка спрыяе з’яднанню народаў Беларусі і Расеі”. Міліцыя паведаміла, што загадаў ці забаронаў на размяшчэнне такой стужкі на службовых аўтамабілях ДАІ яна не давала, сцвярджаючы такім чынам, што гэта была асабістая ініцыятыва асобных прадстаўнікоў ДАІ.

Беларускае Радыё Рацыя