Берасцейцам напомнілі пра 100-годдзе БНР
У час каталіцкага Божага Нараджэння і ў пераднавагоднія дні ў Берасці напомнілі пра 100-годдзе Беларускай народнай рэспублікі 25 сакавіка. У людных месцах горада з’явіліся плакаты –напамін з надпісам: БНР 1918.
Да вялікага свята нашай Незалежнасці ў Беларусі засталося менш трох месяцаў. Берасцейцам нагадалі пра набліжэнне гэтай даты. Першыя плакаты на вуліцах горада віталі берасцейцы, якія выбраліся на навогоднія кірмашы, кажа невядомая гараджанка аб убачаным:
— Праходзіла ля тумбы і ўбачыла плакат. Ён выбіваецца сярод усіх. Бачна, што стылізаваная Пагоня, дата: 1918, БНР. Адразу стала вельмі прыемна, добрыя уражанні. Людзі побач са мной таксама спыняліся і глядзелі. Некаторыя пыталі, некаторыя адразу разумелі, у чым справа. Было вельмі прыемна ўбачыць.
Лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў разам з мастаком Міколам Купавай 14 снежня правялі сустрэчу ў Адміністрацыі прэзідэнта наконт святкавання 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Яны перадалі сем з паловай аркушаў прапановаў адносна святкавання даты 25 сакавіка. Гэта і ўсталяванне памятных шыльдаў на дамах, звязаных з БНР, і сумеснае святкаванне незалежнага грамадства і ўладаў, і правядзенне супольнага палітдня на прадпрыемствах на тэму БНР, і шмат усяго іншага.
Ці прыме гэтую прапанову ўлада, пакуль невядома.
Беларускае Радыё Рацыя