Юрась Лукашэвіч: Моладзь БНФ аднавілі з нуля



Нядаўні кіраўнік моладзевай плыні Партыі БНФ Юрась Лукашэвіч распавёў пра праблемы іх арганізацыі.

Нагадаем, што днямі ў Менску адбыўся з’езд Моладзі БНФ, падчас якога была абраная новая старшыня арганізацыі – 18-гадовая студэнтка Інстытута журналістыкі Ганна Смілевіч. Раней моладзевае крыло Партыі БНФ узначальваў Юрый Лукашэвіч, якія зараз мае пасаду намесніка старшыні партыі.

Юрась Лукашэвіч: Калі ацэньваць сваю ўласную працу на пасадзе моладзевай арганізацыі Парті БНФ, то, безумоўна, хапала і мінусаў. Але ж і вялізны плюс маецца – разам з іншымі актывістамі мне ўдалося аднавіць Моладзь БНФ практычна з нуля. Бо два гады таму, калі я прыйшоў у арганізацыю, там быў толькі я. А зараз у ёй – каля 600 чалавек па ўсёй краіне. Гэта, можа быць, такі спісачны варыянт, але ўсё роўна ёсць 200-300 найбольш актыўных маладых людзей, якія пастаянна не сядзяць на месцы і праводзяць нейкую працу. Мы праводзілі цэлыя кампаніі, і гэта, лічу, у тым ліку і маё дасягненне.

РР: А чаму, як вы кажаце, два гады таму моладзевага крыла фактычна не існавала?

Юрась Лукашэвіч: Па аповедах папярэдніх пакаленняў, такая сітуацыя склалася з-за ўнутраных спрэчак у партыі, калі многія лідары перасталі займацца арганізацыяй, а пачалі сваркі паміж сабой. У выніку Моладзь БНФ не распалася, але паступова пераўтварылася ў нішто. Дзякуй Богу, што арганізацыя зараз аднавілася, і, думаю, новая кіраўніца Ганна Смілевіч дадасць крэатыву ў працы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя