Ці вызваляць аўтараў «Рэгнума»?



Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Павел Севярынец выказаў сваё стаўленне да судовага працэсу над прарасейскімі аўтарамі інфармацыйнага агенцтва “Рэгнум”.

Павел Севярынец: На мой погляд, тая варожасць, што сеялі аўтары «Рэгнума» ў дачыненні да Беларусі, беларускага народа і беларускай незалежнасці гэта крымінал. У любой нармальнай краіне кампетэнтныя органы, безумоўна, заняліся б гэтымі людзьмі і, напэўна, наогул дэпартавалі б з краіны па месцы іх гістарычных сімпатый. Напрыклад, у тую ж самую Расею. Таму думаю, што пераслед апраўданы, хаця турма будзе занадта жорсткім прысудам. Але дэпартацыя была б цалкам лагічным варыянтам. Хочаце абслугоўваць Расею? Адпраўляйцеся туды і адтуль самі сабе пішыце.

РР: Вялікую дыскусію выклікала заява некаторых праваабаронцаў, што аўтары “Рэгнума” могуць быць прызаны палітвязнямі.

Павел Севярынец: Калі я пра гэта чую, то ў мяне ўзнікае лёгкі шок. Калі пры вызначэнні статусу палітвязняў праваабаронцы кіруюцца нейкімі міжнароднымі нормамі, то гэта добра. Але чаму адразу не прызналі палітычнымі зняволенымі фігурантаў “справы “Белага Легіёна”? Чаму сапраўдных патрыётаў, якія гатовы аддаць жыццё за краіну, не прызнавалі доўгі час “палітычнымі”, а зараз такі статус хочуць даць тым, хто падрывае незалежнасць? Хаця, на мой погляд, у справе “рэгнумаўцаў” усё досыць зразумела: калі людзі гэтым займаюцца, то трэба пазбаўляць грамадзянства і высылаць з краіны. Гэта інстынкт самазахавання любой дзяржавы. Навошта нам у такой сітуацыі паліткарэктнасць? Гэта вялікая памылка – мераць усіх на адзін капыл. У свой час час камуністы знішчылі дзясяткі мільёнаў людзей па ўсёй краіне, спрабуючы параўняць усіх любым коштам.

РР: Чым можа закончыцца гэты судовы працэс?

Павел Севярынец: Мне падаецца, што аўтараў “Рэгнума” вызваляць з якімі-небудзь умоўнымі тэрмінамі. Хаця не трэба мець ілюзій, што зараз адбываецца сапраўднае правасуддзе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя