Выходны на першага лістапада ўлады лічаць немэтазгодным



Аўтары петыцыі з патрабаваннем абвясціць выхадным дзень памяці продкаў Дзяды — 1 ці 2 лістапада — атрымалі адмоўны адказ з апарату ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

Пад зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў падпісалася больш за 1.800 чалавек. Ініцыятыву падтрымаў кіраўнік каталіцкага касцёла ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч, які накіраваў адпаведны ліст Аляксандру Лукашэнку.

Адказ прыйшоў за подпісам намесніка ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Алены Радчанкі. Чыноўніца нагадала, што грамадзяне роўныя перад законам незалежна ад іх стаўлення да рэлігіі. „Права на свабоду веравызнання, гарантаванае Канстытуцыяй, не дае вернікам ніякіх пераваг перад грамадзянамі, якія прытрымліваюцца атэістычных перакананняў. У іншым выпадку гэта парушыць прынцып раўнапраўя грамадзян. З улікам вышэйсказанага лічым, што зараз дапаўняць рэлігійныя святы, якія адзначаюцца ў Беларусі ў якасці святочных дзён, яшчэ адным і абвяшчаць яго непрацоўным днём немэтазгодна”, — паведаміла Радчанка.

У канцы кастрычніка на сайце zvarot.by была размешчаная петыцыя з патрабаваннем зрабіць 1 або 2 лістапада выхадным днём. У звароце гаварылася, што Дзяды — восеньскі дзень памінання продкаў, у 1991—1996 гадах ён быў непрацоўным. „Гэта давала магчымасць грамадзянам Беларусі выканаць свой абавязак сумлення і памяці, ушанаваць памяць продкаў, паклапаціцца аб добраўпарадкаванні могілак”, — адзначалася ў петыцыі.

У каталіцкай традыцыі 1 лістапада — свята Усіх Святых, а 2 лістапада — дзень памяці памерлых. У гэтыя дні беларусы ходзяць на могілкі, каб ушанаваць памяць продкаў. „У сувязі з працэсамі міграцыі і ўрбанізацыі гэтую норму цяжка выканаць, бо 1 лістапада з’яўляецца часцей за ўсё працоўным днём. Разам з тым праваслаўныя маюць свой дзень памяці продкаў — Радаўніцу, якая з’яўляецца выхадным днём”, — гаварылася ў петыцыі.

Яе аўтары нагадалі ўладам пра сацыяльную справядлівасць, захаванне добрых адносін паміж прадстаўнікамі розных дэнамінацый, рэалізацыю канстытуцыйнага права на свабоду сумлення, а таксама неабходнасць навядзення парадку на зямлі шляхам добраўпарадкавання могілак.   БелаПАН