Украіна можа страціць бязвізавы рэжым з Еўразвязам



Украіна можа страціць бязвізавы рэжым з краінамі Еўразвязу. Такую заяву зрабілі ў Еўрапейскім парламенце. З аналагічнай заявай выступіла і пасол Францыі ва Украіне Ізабэль Дзюмон.

У Еўразвязе ёсць пяць крытэрыяў, паводле якіх грамадзянам трэціх краін могуць забараніць бязвізавыя паездкі. Чатыры з іх тычацца міграцыйных пытанняў: нелегальныя мігранты, колькасць злачынстваў, якія здзяйсняюць грамадзяне трэцяй краіны, нізкі ўзровень супрацы з паліцэйскімі органамі па вяртанні нелегалаў і павелічэнне колькасці просьбаў пра палітычны прытулак. З гэтымі паказчыкамі ў Украіны праблем няма. Пытанні ў ЕЗ па пятым пункце: патрабаванне барацьбы з карупцыяй і стварэнне новых антыкарупцыйных органаў. Назіральнікі Еўразвязу сцвярджаюць, што барацьба з карупцыяй ва Украіне фактычна спынена, пра што сведчыць наступ на Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны, а таксама свядомае згортванне ў судах рэзанансных карупцыйных спраў.

Паводле працэдуры, першапачатковае спыненне бязвізу структурамі Еўразвязу дзейнічае дзевяць месяцаў. Калі за гэты час ва Украіне не знішчаць карупцыю, бязвізавы рэжым можа быць спынены на няпэўны час.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя