Надзвычай цёплы лістапад – вынік глабальнага пацяплення



Надзвычай цёплы лістапад у Беларусі – гэта вынік глабальных кліматычных перамен. Цёплае, зусім не восеньскае надвор’е, выклікае радасць у звычайных грамадзян ды асцярогу ў навукоўцаў. Анамальныя з’явы кепска ўплываюць на навакольнае асяроддзе, як і на здароўе людзей.

У цяперашніх умовах складана прагназаваць надвор’е, адзначае вядучы спецыяліст пінскай міжраённай метыяралагічнай службы Аляксей Шэлест:

– Калі прыходзіў мароз, ён трымаўся мінімум два тыдні. Пасля пачыналася адліга, якая таксама доўга трывала. Сёння ж надвор’е мяняецца кожныя два-тры дні, часамі і цягам дня. Тое, што гэты працэс мае глабальны характар і глабальныя маштабы – цалкам відавочна. Тое, што прымаць меры трэба прымаць неадкладна, таксама відавочна. Хоць, па сутнасці, мы ўжо спазніліся з прыняццем рашэнняў, таму што ўсе механізмы глабальнага пацяплення ўжо ўключаныя.

Збой традыцыйных для Беларусі цыклаў надвор’я негатыўна ўплывае на аграрны сектар, на абнаўленне і натуральную ачыстку зямлі, зменьвае абмены ў навакольным асяроддзі, кажуць эколагі. Чакаецца, што цёплае надвор’е ў Беларусі будзе трымацца да наступнага тыдню.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота techno.bigmir.net