Калядная выстава лялек ў Неапалі



Любоў да тэатральнасці ў неапалітанцаў у крыві. У спектакль у Неапалі ператвараецца ўсё: нядзельны паход на рынак, дэманстрацыя гідамі мясцовых адметнасцяў, прагляды матчаў футбольнага клуба “Напалі” і нават сямейная сварка з нагоды “хто з’еў мае спагеці?”

Традыцыйныя неапалітанская мініяцюра – таксама тэатр.

Яшчэ ў сярэдзіне васемнаццатага стагоддзя мясцовыя рамеснікі распачалі рабіць з пап’е-машэ лялечныя постаці. Рабіліся яны выключна для турыстаў. Неўзабаве нехта скеміў расставіць мініяцюрныя скульптуркі згодна тэатральных мізансцэн і, абавязкова – у дэкарацыях, адпаведных сюжэтам, папулярных у гараджан. Штогод, пачынаючы са снежня, у Неапалі праходзяць традыцыйныя калядныя выставы тых лялек.

Усе персанажы і сцэны, вядома ж, жанравыя. Вось мніх, які прыйшоў сварыць двух сяброў-п’янтосаў – пэўна, за тое, што тыя не пайшлі на імшу. Вось класічны неапалітанскі дворык з тыповымі насельнікамі – вясёлым гандляром рыбай, шляхотным сіньёрам і хітраватай маладзіцай. А вось цэлае народнае свята, з накрытымі сталамі, віннымі бочкамі і гасцінным карчмаром.

На калядных выставах, вядома ж, ёсць і класічныя рэлігійныя сцэны: Святое Сямейства, суворыя апосталы, узнёслыя анёлы і мярзотныя чэрці. Але ўсе гэтыя святыя і грэшнікі куды больш падобныя да персанажаў неапалітанскага дэль артэ, чым біблейскіх герояў.

Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя