Што змянілася ў працы прадпрымальнікаў?



Намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Вячаслаў Піліпук распавядае пра тое, якім быў гэты год для беларускіх ІП-эшнікаў.

Вячаслаў Піліпук: Год для прадпрымальнікаў быў складаны, паколькі з’явіліся розныя змены і новаўвядзенні ў заканадаўстве. ІП-эшнікі перажылі яго з цяжкасцю, і ў гэтым яны не вельмі адрозніваюцца ад многіх суайчыннікаў. Эканамічны крызіс у краіне закрануў, напэўна, усіх.

РР: Але ж былі і станоўчыя моманты…

Вячаслаў Піліпук: Гэтага ніхто не адмаўляе. Напрыканцы года былі добрыя навіны па планах урада ў дачыненні да малога і сярэдняга бізнесу ў будучым, падпісалі некаторыя дакументы з гэтай нагоды. У дадатак мараторыі на праверкі аблегчылі жыццё прадпрымальнікаў. І ў той жа час нават па пераднавагодніх продажах можна канстатаваць, што пакупальніцкая здольнасць у людзей не такая, што была раней.

РР: Якія спадзяванні на наступны год?

Вячаслаў Піліпук: Усе спадзяюцца, што эканоміка пачне выходзіць з крызісу, і ў людзей падымецца ўзровень жыцця. Але ж гэта тое самае, што на каве гадаць. Ніхто дакладна не ведае, ці ачуняе эканоміка, а ад гэтага наўпрост залежыць і дабрабыт ІП-эшнікаў. Усё ўзаемазвязана, мы ж у адной краіне жывем. Адно прадпрымальнікі ведаюць дакладна – пасля навагодніх святаў працаваць вельмі складана. І такая сітуацыя захаваецца, відаць, аж да сакавіка наступнага году.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя