„Беларуснафта” не збіраецца пераходзіць на беларускую мову



Кампанія „Беларуснафта” ў найбліжэйшай перспектыве не мае намеру пераходзіць на беларускую мову пры абслугоўванні кліентаў аўтазаправачных станцый сеткі.

Нядаўна кампанія правяла апытанне ў сацыяльных сетках кліентаў заправак — высвятляла іх стаўленне да абслугоўвання на беларускай мове. Апытанне сабрала тысячу каментароў, большасць людзей выказаліся станоўча пра гэтую ініцыятыву.

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе „Беларуснафты”, апытанні ў сацыяльных сетках праводзяцца выключна як спосаб наладзіць эфектыўную зваротную сувязь з кліентамі — даведацца іх думку пра работу фірмовай сеткі, пачуць пажаданні. „Даныя, якія мы збіраем, выкарыстоўваем для таго, каб палепшыць якасць абслугоўвання. Хоць пакуль і няма планаў перайсці на абслугоўванне кліентаў на беларускай мове, планы мяняюцца, як і жыццё мяняецца”, — адзначылі ў прэс-службе. У кампаніі дадалі, што калі ёсць асабістая ініцыятыва аператараў АЗС мець зносіны з кліентамі на беларускай мове, то такія пачынанні „Беларуснафта” падтрымлівае і стымулюе, заахвочвае супрацоўнікаў.

„Беларуснафта” мае 560 АЗС.

Фота ABW.by