У Германіі святкуюць 25-ую гадавіну падзення Берлінскага муру



У Нямеччыне  сёння пачынаюцца трохдзённыя памятныя мерапрыемствы з нагоды 25-й гадавіны падзення Берлінскага муру — аднаго з сімвалаў «халоднай вайны».

Канцлер Ангела Меркель, чыя сям’я жыла ў ГДР, заявіла ў нядаўнім інтэрв’ю, што ніколі не забудзе моманту, калі да яе, пасля 35 гадоў чаканняў, «прыйшло адчуванне свабоды». У рамках цяперашніх мерапрыемстваў Меркель узначаліць цырымоніі ў памяць пра тых, хто быў забіты пры спробе ўцёкаў з Усходняй Германіі.

Экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, чые рэформы, палітыка перабудовы і галоснасці спрыялі глабальным пераменам, у гэтыя дні, сярод іншага, наведае ў Берліне Чэкпойнт Чарлі — былы памежны кантрольна-прапускны пункт на Фрыдрыхштрасэ, створаны пасля падзелу горада сцяной у 1961 годзе.

Сярод іншых запланаваных мерапрыемстваў — прызначаны на 9-га лістапада святочны фестываль у сталіцы аб’яднанай Германіі, на якім, як чакаецца, пабываюць сотні тысяч людзей.

Беларускае Радыё Рацыя