Дзеці з Дзятлава трапілі на галоўную старонку Wall Street Journal
На фота, апублікаваным на вокладцы выдання, дзеці паказваюць калядную сцэнку ў касцёле.
У ЗША даведаліся пра маленькі беларускі горад Дзятлава ў Гарадзенскай вобласці. Напэўна, упершыню фота з Беларусі патрапіла на вокладку аднаго з самых уплывовых амерыканскіх выданняў Wall Street Journal. У мясцовым касцёле на Каляды дзеці паказвалі традыцыйную сцэнку па матывах сюжэту з Евангелля, які распавядае пра нараджэнне Ісуса Хрыста ў Бэтлееме.
Беларускі фотакарэспандэнт Reuters Васіль Фядосенка пабываў у храме і зрабіў ўдалае фота. Менавіта яго амерыканская газета вырашыла апублікаваць на сваёй перадавіцы.
Беларус Дзмітрый Мятліцкі, які жыве ў Нью-Ёрку, заўважыў здымак на галоўнай старонцы выдання і апублікаваў фота газеты на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
На здымку з Дзятлава бачым Марыю, Юзафа, вешчуноў і анёлаў.