Былыя зняволеныя будуць працаваць на дзяржаву?



Пастановай Савета міністраў Беларусі ад 22 снежня № 995 у дзяржаўную ўласнасць з камунальнай уласнасці Светлагорскага раёна (Гомельская вобласць) да 1 студзеня 2018 года будзе бязвыплатна прынятае сельгаспрадпрыемства „Хутар-Агра”. Яго балансавы кошт на 1 кастрычніка 2017 года складаў 12,7 млн рублёў.

Прадпрыемства будзе перададзенае ў падпарадкаванне дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў.

16 жніўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч, наведваючы КСУП „Хутар-Агра”, заявіў, што Міністэрства ўнутраных спраў займаецца распрацоўкай праекта па ўладкаванні на працу былых асуджаных на сельгаспрадпрыемствы з мэтай іх сацыяльнай рэабілітацыі.

У цяперашні час, адзначыў міністр, распрацоўваецца новы закон аб сацыяльнай рэабілітацыі былых асуджаных. У сувязі з гэтым узнікла ідэя аб стварэнні ў структуры крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС спецыялізаванага сельгаспрадпрыемствы для ўладкавання вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. „Такім чынам, былыя асуджаныя атрымаюць магчымасць паспяховай рэсацыялізацыі. Па-першае, уладкаванне на працу будзе садзейнічаць зніжэнню рэцыдыву, па-другое, дапаможа людзям ўліцца ў грамадства, атрымліваць зарплату, ствараць сем’і, гадаваць дзяцей, выплачваць іскі”, — сказаў міністр.

У якасці эксперыментальнай базы абранае КСУП „Хутар-Агра”. „Ад поспеху працы тут будзе залежаць далейшае распаўсюджванне праекта. Калі ўсё атрымаецца, то гэты вопыт перамесцім на ўсе тэрытарыяльныя ўпраўленні ўнутраных спраў, акрамя Менска”, — заявіў Шуневіч.

КСУП „Хутар-Агра” створанае ў ліпені 2016 года шляхам рэарганізацыі Светлагорскага аграпрамысловага ўпраўлення ВА „Беларуснафта”. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца вытворчасць малака, мяса буйной рагатай жывёлы, збожжа і кармоў. Колькасць работнікаў прадпрыемства складае больш за 200 чалавек.

belapan.com