„Моладзь БНФ” пачынае кампанію па ўвекавечанні памяці Васіля Быкава
Маладзёжная арганізацыя Партыі БНФ „Моладзь БНФ” пачынае кампанію па ўвекавечанні памяці народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.
„Нягледзячы на велізарны ўклад Васіля Быкава ў сучасную Беларусь, яго памяць ігнаруецца ўладамі. Да гэтага часу ні адна з вуліц Мінска не названая ў яго гонар, няма яго помніка, а асоба пісьменніка ў школьнай і ва ўніверсітэцкай праграмах разглядаецца занадта павярхоўна. Мы не можам дапусціць ушчамлення яго асобы і памяці на дзяржаўным узроўні, таму вырашылі прыкласці ўсе намаганні па выпраўленні гэтай сітуацыі”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы „Моладзі БНФ”.
У ходзе кампаніі актывісты маюць намер патрабаваць перайменавання парку 50-годдзя Кастрычніка ў парк імя Васіля Быкава. „Гэты парк акрамя таго, што мае недарэчную для сучаснай Беларусі назву, знаходзіцца ў занядбаным стане. Таму неабходна надаць гэтай тэрыторыі больш важную для гісторыі Беларусі назву. Таксама мы патрабуем рэнавацыі і добраўпарадкавання гэтага парку, каб усім жыхарам Мінска было прыемна бавіць там час”, — адзначаюць у арганізацыі.
Сёння актывісты менскай гарадской арганізацыі „Моладзі БНФ” правялі ў сталіцы збор подпісаў у падтрымку перайменавання парку 50-годдзя Кастрычніка. За некалькі гадзін было сабрана каля 100 подпісаў.
Таксама „Моладзь БНФ” будзе праводзіць розныя мерапрыемствы па ўшанаванні памяці Васіля Быкава. Першае мерапрыемства ў рамках гэтай кампаніі — тыдзень памяці Васіля Быкава — пройдзе з 22 па 28 студзеня.
„Мы ўпэўненыя, што наша кампанія будзе мець поспех, як і аналагічная кампанія ў падтрымку рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Хоць галоўнай мэты гэтая кампанія не дасягнула, аб яе асобе даведаліся сотні, а можа, і тысячы людзей. Было напісана шмат артыкулаў аб нашай кампаніі, мы змаглі выклікаць пэўны рэзананс у СМІ і грамадстве”, — адзначаюць у „Моладзі БНФ”.