Сталі вядомыя лепшыя спартсмены Беларусі 2017 года
Газета «Спартыўная панарама» правяла апытанне з мэтай вызначыць лепшых беларускіх спартсменаў. У апытанні прынялі ўдзел 97 спартыўных карэспандэнтаў друкаваных і электронных СМІ.
Па выніках апытання 8 першых радкоў у дзесятцы занялі жанчыны, паведамляе sportpanorama.by.
Лепшай беларускай спартсменкай 2017 года стала Таццяна Пятрэня (скачкі на батуце), лепшым спартсменам – фрыстайліст Антон Кушнір.
Чэмпіёнка свету-2017 Таццяна Пятрэня набрала 623 ачкі і перамагла ў галасаванні.
У тройку лепшых спартсменаў таксама ўвайшлі Вольга Худзенка (веславанне на байдарках і каноэ) – 497 балаў і Ванэса Каладзінская (жаночая барацьба) – 469.
4-е месца заняла тэнісістка Арына Сабаленка – 468.
Біятланістка Дар’я Домрачава заняла 5-ю пазіцыю – 383 балы, за ёй ідуць Анастасія Пракапенка (сучаснае пяцібор’е) – 354 балы і Аляксандра Сасновіч (тэніс) – 270.
Аляксандра Герасіменя (плаванне) набрала 214 ачкоў.
Лепшым спартсменам Беларусі стаў алімпійскі чэмпіён Сочы-2014 фрыстайліст Антон Кушнір (204 ачкі). Ён выйграў у 2017 годзе тры этапы Кубка свету і заняў 9-е месца па выніках апытання.
10 месца заняў Васіль Кірыенка – 194 балы.
Лепшай камандай па гульнявых відах спорту стала жаночая зборная Беларусі па тэнісе. У негульнявых відах лепшай камандай названая зборная Беларусі па скачках на батуце.
Лепшым трэнерам Беларусі прызнаны капітан жаночай тэніснай зборнай Эдуард Дубраў.