Віктар Шалкевіч: Жадаю і ў новым годзе слухаць гэта радыё!



Навагоднія віншаванні ад беларускага барда, актора, паэта і шоўмэна Віктара Шалкевіча:

– Шаноўныя сябры, дарагія слухачы Радыё Рацыя, па-першае, я вам жадаю і ў новым годзе слухаць гэта радыё, не проста так бегаць па хвалях эфіру, а ўключаць гэтую хвалю. Радыё стараецца дастаткова аб’ектыўна даносіць інфармацыю пра тое, што робіцца ў свеце, на Беласточчыне ды Гарадзеншчыне. Па-другое, хочацца пажадаць усім здароўя, каб не сустрэлі Новы год пад сталом, а за сталом з кілішкамі. Па-трэцяе, хочацца, каб жыхары адной і другой краіны ездзілі да сябе ў госці, тым больш, што зараз ёсць для гэтага магчымасці. Штораз часцей сустракаю на вуліцах Гародні польскія групы. Прыязджайце, не толькі за пакупкамі, а проста паглядзець. Гарадзенцы, я думаю, таксама будуць ездзіць у Беласток. Увогуле, як я ўспамінаю, калісьці сядзелі мы і выпівалі з бургамістрам Саколкі. Вырашылі, што Гарадзеншчыне і Беласточчыне трэба злучыцца ў адну вялікую рэспубліку. Толькі паўстала пытанне на карысць каго гэта будзе, не дамовіліся, хіба на агульналюдскую карысць. Віншую вас усіх, самыя цёплыя пажаданні!

Беларускае Радыё Рацыя