У Курапатах зладзілі талаку



У дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі прадстаўнікі шэрагу менскіх грамадскіх арганізацый і партый правялі ў Курапатах, дзе пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсій, невялікую талаку. Па словах сустаршыні аргкамітэта па стварэнню партыі Беларуская хрысціянская дэмакртаыя Віталя Рымашэўскага, гэта ўжо становіцца традыцыяй:

– Мы ладзім такі традыцыйны народны грамадскі кантроль, грамадскі патруль за гэтай святыней беларускага народу – Курапатамі. Таму што на кожныя камуністычныя святы тут адбываецца найбольш актаў вандалізму. Бо людзі п’юць, людзі прыходзяць сюды, некаторыя выпадкова, няведаючы. А мемарыял Курапаты яшчэ не з усіх бакоў агароджаны. Хаця гэтае месца ахоўваецца дзяржавай. І вось зараз мы знайшлі некалькі наступстваў актаў вандалізму, калі крыжы былі павыдзіраныя. Прыйшлося іх аднавіць. Наогул, мы запрашаем усіх прыходзіць на такую талаку – з дзецьмі, са сваімі роднымі, знаёмымі, блізкімі. Нават з людзьмі, ніяк не далучанымі да палітыкі. Вось зараз новыя людзі далучыліся, каторыя проста праз абвестку прыйшлі. Неабыякавыя людзі, каторым неабыякавы лёс Курапатаў, нашай гісторыі, лёс Беларусі. І трэба прыходзіць не адзін раз у год. На кожнае дзяржаўнае свята, звязанае з савецкім мінулым, накшталт 7 лістапада, мы, як альтэрнатыву, ладзім у Курапатах талаку.

Удзельніца талакі Люся Куніна:

– Прыходжу сюды часта. Я думаю, што трэба абавязкова сюды прыходзіць. Наводзіць тут парадак, каля гэтых магілаў. Таму што да іх мала хто прыходзіць. Магілы безыменныя, душы не супакоеныя. Таму нехта павінен сюды прыходзіць. Мне гэта трэба. Мне вельмі шкада тых людзей, якія былі тут забітыя.

Таццяна, удзельніца талакі:

– Парадак трэба навесці. Гэта ж могілкі. Сазваніліся, сабраліся і прыводзім у парадак, мяцем, чысцім. Вось кветкі трэба пасадзіць. Нарцысы. Белыя кветкі, нічога яшчэ квітнець не будзе ўвесну, а яны заквітнеюць першымі. Вось яшчэ бадан чырвоны будзе квітнець. Белае – чырвонае – белае. Наш сімвал.

Ілля Дабратвор, адзін з лідараў маладзёвай арганізацыі „Альтэрнатыва”:

– Тут такая канчатковая ўборка перад зімой. Спальваю ў вогнішчы тое, што засталося недапаленым пасля папярэдніх талок. Я асабіста вырашыў такім чынам адзначыць 7 лістапада – прыборкай таго месца, дзе пахаваны ахвяры тых асобаў, якія прыйшлі да ўлады ў 1917 годзе. І менавіта пачатак рэпрэсій ідзе з таго году, з гэтай даты. Таму я вырашыў так адзначыць гэты дзень. У косках „адзначыць”. Бо я не лічу, што гэта свята.

Галіна Каржанеўская, паэт, сябра аргкамітэту па стварэнню партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя:

Без „вялікага Кастрычніка” не было б вялікіх рэпрэсій. Людзей вельмі многа загінула за ні што. Толькі за тое, што хто-небудзь нешта не тое сказаў, я ўжо не гавару – зрабіў. За слова бралі. Ну вось колькі крыжоў, колькі магіл. Ходзіш па Курапатах і бачныя гэтыя правалы ў зямлі на месцы пахаванняў. Дзякуй Зянону Пазняку, што ў свой час грамадскасць пра гэта даведалася. Маглі не ведаць і дасюль. І зараз колькі невядомых месцаў, дзе ляжаць такія забітыя за ні што, проста ў пыл ператвораныя людзі… А чаму вось сюды, у Курапаты, не носяць кветак кіраўнікі нашай дзяржавы. Толькі на плошчу Перамогі, да стэлы. А чаму сюды не ідуць?

Валерыя Чарнаморцава, актывістка аргкамітэту па стварэнні БХД:

– 7 лістапада – гэта дзень, калі трэба ўзгадваць усіх ахвяраў таго самага перавароту, які называюць чамусьці Кастрычніцкай рэвалюцыяй. Пачынаючы ад чырвонага тэрору і сканчаючы ўсімі, хто загінуў і тут, і ў ГУЛАГу, і ва ўсіх месцах расстрэлаў, пра якія мы ведае і не ведаем. Курапаты насамрэч – гэта знакавае месца. Курапаты – беларуская Галгофа. Месца, дзе фактычна забівалі беларускую нацыю і дзе напрыканцы 80-х гадоў пачалося адраджэнне, пачалося ўваскрашэнне беларусаў як нацыі.

Генадзь Барбарыч. Беларускае Радыё Рацыя